Лінія Сталіна. Гонар ці ганьба?

Рэжысёр: Самойлаў Уладзімір Год: 2008

Гісторыя Еўропы XX ст. ведае некалькі славутых абарончых лініяў. Лінія Мажыно ў Францыі, Лінія Манэргейма ў Фінляндыі. Першая славутая тым, што ў 1940 г. гітлераўцы абышлі французскія абарончыя ўмацаванні. Другая, фінская, сталася тым цвёрдым арэшкам, аб які Чырвоная Армія паламала свае зубы.

Лінія Сталіна – гэта шэраг умацаванняў, якія паўсталі ў 1930-я гг. ад Балтыкі да Чорнага мора, у тым ліку – уздоўж савецка-польскае мяжы. Назва «Лінія Сталіна» ніколі не выкарыстоўвалася ў савецкай літаратуры. Так называлі ўмацаванні нямецкія крыніцы. У 1939 г. мяжа перасунулася на захад, і ўмацаванні перасталі быць патрэбнымі. Іх дэмантавалі ды пачалі будаваць новыя на новай, ужо савецка-нямецкай, мяжы. У 1941 г. рэшткі Лініі Сталіна не адыгралі важнай ролі ў абароне, танкавыя калоны Гудэрыяна іх не заўважылі. На Лінію забыліся.
Нядаўна пад Менскам паўстаў комплекс: збудавалі бутафорскія доты, выкапалі траншэі. Адбываюцца рэканструкцыі нямецка-савецкіх баёў. Побач стаіць помнік Сталіну. Гэта не дзяржаўны музей, а камерцыйнае прадпрыемства.

Аўтарам ідэі і рэжысёрам выступіў Уладзімер Самойлаў, аператарам – Галіна Самойлава. Кансультантам фільму выступіў кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў.

2008 г., Беларусь