Лісты з лесу Паўла Севярынца, рэпартаж


Павал Севярынец – беларускі апазіцыйны палітык, пісьменнік, публіцыст, адзін з заснавальнікаў «Маладога фронту» і былы палітычны вязень. Нарадзіўся ў Воршы ў сям’і журналіста і настаўніцы. У 2000 г. скончыў геаграфічны факультэт БДУ. У 1994–1999 гг. працаваў журналістам. З 1998 г. пачаў друкавацца ў незалежнай прэсе як публіцыст. У 1995 г. Севярынец уступіў у БНФ «Адраджэньне». У лютым 1997 г. узначаліў Менскую моладзёвую фракцыю БНФ. У верасні 1997 г. на Устаноўчым сойме «Маладога фронту» быў абраны сустаршынём арганізацыі. У 1997–2004 гг. быў арганізатарам масавых вулічных выступаў моладзі супраць палітыкі прэзідэнта Лукашэнкі. У 1999–2003 гг. – намеснік старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 г. старшыня «Маладога фронту». Севярынец быў адным з арганізатараў І Кангрэсу беларускае моладзі (ліпень 2001 г.), абароны Курапатаў (верасень 2001 – чэрвень 2002 г.), нацыянальнай кампаніі «Беларусь у Еўропу!» (вясна 2002 г.), перадвыбарчага блоку «Маладая Беларусь» (2004). У 2005 г. Паўла абвінавацілі ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць перавыбрання Лукашэнкі на трэці тэрмін, што адбываліся ў Менску пасля рэферэндуму 2004 г. Яму прасудзілі у 3 гады абмежавання волі. Пакаранне адбываў на лесанарыхтоўках у в. Малое Сітна Полацкага раёну. У 2006 г. міжнародная арганізацыя «Amnesty International» прызнала Паўла Севярынца вязнем сумлення. З улікам амністыі тэрмін зняволення скарацілі да двух гадоў і ў 2007 г. Севярынца вызвалілі.