Галасы. Дзе мой край

Рэжысёр: DocWave Год: 2022

У жніўні 2020 года ў Менску, каб выказаць пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў, на прыступках Беларускай дзяржаўнай філармоніі сабраліся людзі. Яны трымалі плакат «У нас скралі голас» і маглі супрацьпаставіць гвалту толькі песні, якія спявалі разам.

Улады выгналі іх з прыступак, але неўзабаве хор стаў з’яўляцца на пратэсных маршах, у гандлёвых цэнтрах і метро, натхняючы людзей спевамі пра годнасць, мужнасць, долю і веру беларусаў. Гэтак нарадзіўся адзін з сімвалаў беларускага супраціву – Вольны хор.

Падчас акцыяў і канцэртаў спевакі хавалі свае твары і прытрымліваліся адмысловых захадаў бяспекі. Спадзеючыся запужаць актывістаў, улады некалькі разоў затрымлівалі меркаваных дырыжораў і ўдзельнікаў калектыву. Але «партызанскі» хор працягваў свае адважныя выступы.

Гэта вельмі раздражняла ўлады, і яны распачалі сапраўднае паляванне. Людзей звальнялі з працы і па некалькі разоў кідалі на содні. Збягаючы ад пераследу, шмат хто са спевакоў быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.

Гісторыю нараджэння і дзейнасці Вольнага хору распавядзе сям’я Аляксандра і Сашы Сердзюковых, музыкаў, супрацоўнікаў Дзяржаўнай філармоніі. Пара не асабліва цікавіліся палітыкай, але, жывучы ля стэлы і пабачыўшы на ўласныя вочы ўсю жорсткасць сістэмы, не магла заставацца збоку. Маладзёны сталі аднымі з ініцыятараў крэатыўнага супраціву. Пасля адной з акцыяў віяланчэліст Аляксандр Сердзюкоў быў затрыманы на працоўным месцы і асуджаны да 15 содняў. Пасля выхаду з турмы ён вырашыў адысці ад актывізму і сканцэнтравацца на сямейных справах і хобі, але па яго зноў прыйшлі. Пара, якая чакала дзіця, была вымушана ўцякаць з Беларусі.

У пошуках прытулку ў замежжы Сердзюковы разам з тысячамі зʼехалых беларусаў задаюцца пытаннем: «Дзе мой край?»

рэж. DocWave, 2022