Ніколі цябе не пакіну

рэж. , 2022

Юнак з Менску Ігар і дзяўчына з украінскага гораду Хмяльніцкі Аляксандра пазнаёміліся падчас адпачынку ў Крыме ў 1980-я, калі ім было ўсяго па 17 гадоў. Закахаўшыся з першага позірку, маладыя людзі неўзабаве згулялі вяселле і пасяліліся ва ўкраінскім Мукачаве.

У сям’і нарадзілася двое дзяцей, але Ігару і Аляксандры душа балела за гадаванцаў інтэрнату, якія выходзілі ў дарослае жыццё, абсалютна да яго не гатовымі. Паступова бацькі прынялі ў сваю сям’ю яшчэ 18 дзяцей, якіх сталі выхоўваць як родных.

«Я б ніколі не сказаў, што мае дзеці – гэта не мае дзеці», – прызнаецца Ігар.

Сям’я заснавала фонд, пераехала ў вялікі дом, аднак іхнае жыццё да гары нагамі паставіла вайна.

«Дзесьці ўнутры сябе, у прынцыпе, мы былі гатовыя. Але ведаеце, гэта як хворы чалавек у сям’і: доўга ўсе пакутуюць, а калі памірае, то ўсе плачуць. Так і з той вайною. Дзесьці мы ведалі, дзесьці ўсведамлялі, але калі пачалося… Я памятаю, а 5:40 патэлефанавала мая сяброўка: «Саша, у нас вайна!» З таго часу я кожную раніцу прачынаюся а 5:40», – кажа Аляксандра.

Калі ж Ігар пачуў, што з тэрыторыі Беларусі ляцяць ракеты ў бок Украіны і забіваюць мірных жыхароў, першае жаданне было – парваць беларускі пашпарт. На змену эмоцыям хутка прыйшло ўсведамленне, што трэба як мага хутчэй вывозіць дзяцей у бяспечнае месца. Яму ўдалося вывезці каля 20 дзяцей і ўнукаў. Уцекачоў вельмі гасцінна прынялі сем’і ў Нямеччыне, але ў Ігара пачаліся праблемы з дакументамі. Высветлілася, што мужчына з беларускім пашпартам і ўкраінскім пасведчаннем на жыхарства мог апынуцца паміж дзвюх кардонаў. Ігар мусіў застацца за мяжою.

Зразумеўшы, што абставіны мацнейшыя за яго, заўсёды моцны і аптымістычны, Ігар апусціў рукі. Ён не можа вярнуцца ў краіну, ахопленую вайной, у свой дом, у сутарэнні якога цяпер бамбасховішча, да жонкі, з якой пражыў 40 гадоў. Сваё жыццё Ігар даверыў Богу.

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш фiльмаў