На поўнай хуткасці

Рэжысёр: Зоська Цыслёнак Год: 2022

Ілля Данілаў апынуўся ў самым гушчары жнівеньскіх падзеяў 2020 года, калі Менск ахапіла хваля пратэстаў. Мужчына на сваім матацыкле аб’ездзіў увесь цэнтр гораду і на ўласныя вочы ўбачыў, як АМАП збіваў людзей, страляў у іх і кідаў святлошумавыя гранаты.

Сам Ілля трапіў у рукі да сілавікоў на маршы, адкуль ужо збіраўся сыходзіць, але не змог, калі ўбачыў, як хударлявыя дзяўчаты сталі ў счэпку. Ілля да іх далучыўся. Мужчыну затрымалі, жорстка збілі і кінулі ў аўтазак. Далей – турма ў Жодзіне.

Пасля вызвалення Ілля, як і шмат іншых беларусаў, з’ехаў за мяжу, каб пазбегчы пераследу. Думкамі мужчына ўвесь час быў з радзімаю, удзельнічаў у шматлікіх беларускіх акцыях, намагаўся быць бліжэйшым да сваіх, каб не заставацца на самоце за мяжою.

Ілля не змог застацца ўбаку і праз два гады. Як толькі выбухнула вайна ва Украіне, мужчына актыўна ўключыўся ў дапамогу: ладзіў акцыі падтрымання, быў валанцёрам, аднак адчуваў, што гэтага замала. Ілля кажа, што ён чалавек справы, у любой складанай сітуацыі для яго важна дзеяць, а не чакаць, таму ён пастанавіў паехаць на вайну.

«Мне сорамна. Я сабе не змог прабачыць у 2014 годзе, што я не паехаў. […] Мне гэта трэба для мяне, каб разумець, што я гэта таксама рабіў, я не застаўся збоку», – тлумачыць сваё рашэнне Ілля.

Герой рэпартажу ўпэўнены: пасля перамогі ва Украіне ён вернецца вызваляць Беларусь.

Рэжысёрка – Зоська Цыслёнак, 2022 год