Пракурор Юрый Шарснёў прасіў суд пакараць за карупцыйныя злачынствы былога намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага шасцю гадамі пазбаўлення волі, а былога галоўнага доктара 12-ай гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Уладзіміра Краўчонка – пяццю. Пра гэта дзяржаўны абвінаваўца заявіў падчас судовых спрэчак у Менскім гарадскім судзе.
«Карупцыйныя злачынствы наносяць непапраўную шкоду нармальнай працы дзяржаўнага апарату. Гэта тая іржа, якая павольна, але ўпарта разʼядае яго знутры», – заявіў Юры Шарснёў.
Пракурор адзначыў, што віна Ласіцкага і Краўчонка паводле арт. 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманне хабараў неаднаразова ў асабліва буйным памеры) была даказаная ў судзе цалкам. Між тым, Шарснёў зняў з Краўчонка абвінавачванне ў злоўжыванні паўнамоцтвамі (арт. 424). Такім чынам, пракурор палічыў недаказаным, што галоўны лекар за хабары паўплываў на вынікі тэндараў пры закупах медычнага абсталявання для 12-й гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі.
Шарснёў папрасіў улічыць, што падсудныя прызналі сваю віну і раскаяліся, а Краўчонак цалкам выканаў умовы дасудовага пагаднення. Аднак дзяржабвінаваўца ўсё роўна папрасіў суд пакараць Краўчонка пяццю гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, а таксама пазбаўленнем права займаць кіроўныя пасады цягам пяці гадоў. Ласіцкага – шасцю гадамі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, а таксама пазбаўленнем права займаць кіроўныя пасады цягам пяці гадоў.
Адвакатка Краўчонка папрасіла для свайго падабароннага пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. А адвакатка Ласіцкага – мінімальна магчымае пакаранне для былога намесніка міністра.
Абаронца Ласіцкага папрасіла ўлічыць, што чыноўнік пачынаючы з 2012 года меў сур’ёзныя праблемы са здароўем, пакутаваў ад боляў, якія здымаў рэгулярным ужываннем медыкаментаў. На думку абаронцы, гэта «безумоўна паўплывалі» на ўчынкі Ласіцкага, тым больш што большая частка хабараў ішла на ўласнае лячэнне.
«Гэта ніколькі не апраўдвае яго з пункту гледжанне. Аднак у пэўнай ступені тлумачыць прычыны здзяйснення правапарушэння», – заявіла адвакатка.
Больш за тое, адвакатка заявіла, што дзеянні Ласіцкага фактычна ніякай шкоды дзяржавы не нанеслі.
«Вынікам дзеянняў Ігара Ласіцкага было нанясенне шкоды толькі сябе і сваёй сям’е. За свае дзеянні ён звольнены з пасады, ягоная карʼера дзяржслужбоўцы скончана, ён не атрымае пенсіі па выслузе гадоў», – заявіла абаронца.
Ігар Ласіцкі знаходзіцца пад вартаю з 29 чэрвеня 2018 года. Уладзімір Краўчонак быў пад вартаю з 17 чэрвеня па 17 кастрычніка. Яму змянілі меру стрымання на хатні арышт і з лістапада 2018 года ён працуе шараговым стаматолагам у 7-й паліклініцы.
У крымінальнай справе Ласіцкага і Краўчонка фігуруе шэраг эпізодаў атрымання хабараў з 2013 па 2018 год. Паводле следства, агулам галоўны лекар Краўчонак атрымаў «адкатаў» на суму каля $28 тыс. – нават больш чым намеснік міністра аховы здароўя. Ласіцкага вінавацяць у атрыманні хабараў толькі на суму $23,5 тыс.
***
ІІ, belsat.eu