Разгляд «справы графіцістаў» перанеслі. ОНЛАЙН


 

Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму прадявілі абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – «Хуліганства, здзейсненае групай асобаў» за нанясенне беларускамоўных графіці і запэцкванне білборду. Ім пагражае абмежаванне свабоды да трох гадоў ці пазбаўленне волі да 6 гадоў. Вячаславу Касінераву інкрымінуюць арт. 341 «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці», пакаранне за які прадугледжвае грамадскія працы, штраф ці арышт.

Суддзя Ала Скуратовіч
Суддзя Ала Скуратовіч
Максім Пякарскі
Максім Пякарскі
Вадзім Жаромскі
Вадзім Жаромскі
Вячаслаў Касінераў
Вячаслаў Касінераў

16:46

Пракурор скончыў чытаць тры тамы пісьмовых матэрыялаў. Абвесцілі перапынак у працэсе да заўтра.

15:42

Суддзя пытае ў Пякарскага, што значыць літара «А» на малюнку «Рэвалюцыя свядомасці».

Адказ: «Гэта значыць «Альфа», пачатак».

15:34

Пракурор зачытвае пратаколы і экспертызы з папярэдняга следства.

15:16

Бацька Вячаслава Касінерава, Леанід Тарошчаў, адмовіўся ад дачы паказанняў.

Суддзя аб’явіла пра даследаванне пісьмовых матэрыялаў справы.

15:13

Пракурор просіць ахарактарызаваць сына. Маці Вячаслава Касінерава расказвае, што сын працаваў у музеі, адкуль звольніўся з-за нізкага заробку і ўладкаваўся грузчыкам. З сямʼёй жыве на здымнай кватэры. Ад 4 год займаўся баявымі мастацтвамі. Прозвішча Касінераў Вячаслаў сабе прыдумаў сам і афіцыйна атрымаў дазвол на яго.

«Мой сын не злачынца. Ён не збіраў акцыю і не парушаў парадак», – зала апладзіруе маці Вячаслава – спадарыні Марыі Тарошчавай.

15:07

Сведка Часнок расказвае, як да яго патэлефанаваў пацярпелы і папрасіў дэмантаваць запэцканыя банеры. Пад банерамі Часнок знайшоў аскепкі лямпачкі, цокалі ў фарбе, якія ён сабраў і перадаў міліцыі.

Цяпер у якасці сведкі дапытваюць Марыю Тарошчаву, маці Вячаслава Касінерава.

15:00

Пачаўся допыт сведкі Ігара Часнака, ІП, дамову з якім мае пацярпелы.

14:50

Дапытваюць пацярпелага прадпрымальніка Руслана Масленнікава.

Паводле словаў пацярпелага, банер з міліцыяй –  сацыяльная рэклама.

У ліпені Масленнікаву пазванілі на мабільны тэлефон, высвятліўся нумар «102» і сказалі, што банеры абліты фарбай. Ён патэлефанаваў іншаму ІП, каб той зняў палотны. Прыехаў з-за гораду і сустрэўся з міліцыяй.

Заяву пра ўзбуджэнне крымінальнай справы Масленнікаў не пісаў. Аднак суддзя паказала заяву, падпісаную пацярпелым:

«Прашу прыцягнуць да крымінальнай адказнасці неўсталяванаю асобу, якая запэцкала два банеры, коштам 1 200 000 рублёў кожны».

Пацярпелы патлумачыў, што так ён спадзяваўся вярнуць свае страты.

У Масленнікава запыталі, ці адчувае ён негатыўныя эмоцыі. На што той адказаў:

«Той момант для мяне быў непрыемны, бо тады ў мяне было шмат выдаткаў. Сёння стаўлюся да хлопцаў нармальна. Мне цалкам пакрытыя страты.Прэтэнзіяў да іх у мяне няма».

14:35

Вячаслаў Касінераў: «Пры затрыманні пашкодзілі сківіцу. Месяц я харчаваўся праз трубку. За гэта ніхто не адказаў».

Паказанні дае пацярпелы прадпрымальнік Руслан Масленнікаў, чый білборд быў пашкоджаны фарбай.

14:25

Пракурор задае Вячаславу Касінераву падобныя пытанні, што і папярэднім абвінавачваным.

«У мяне дрэннае стаўленне да супрацоўнікаў міліцыі, бо мой бацька быў міліцыянтам і ў нас не склаліся адносіны. Таксама я чытаю шмат бруду ў СМі пра міліцыю. Майго сябра беспадстаўна абвінавацілі ў збіцці чалавека. Хоць ён не збіваў, а толькі зʼяўляецца фанатам футбольнага клубу».

14:10

Каля суду, на выхадзе на станцыі метро «Спартыўная» па 2-3 чалавекі дзяжураць амапаўцы.

12:53

Лічбы стратаў паводле пракурора:

2 млн 200 тыс. рублёў для прадпрымальніка Масленнікава за пашкоджаны білборд і прыблізна 600 тысячаў – шкода вайсковай часткі.

Гэтыя страты ўжо цалкам кампенсаваныя.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» лічыць справу палітычнай. Калі маладзёнаў асудзяць, праваабаронцы прызнаюць іх палітычнымі вязнямі. Пра гэта «Белсату» паведаміла Наста Лойка.

12:47

Допыт Максіма Пякарскага скончаны. У судзе абвешчаны перапынак да 14-ай гадзіны.

Абарона: «Ваш таварыш называе Вас мастаком. Якая ў Вас адукацыя?» – «У мяне дыплом мастацкай школы. – «Вы маеце права працаваць як мастак?» – «Так» – «Раскажыце пра сябе, з якой Вы сямʼі, як даўно ў Менску» – «Я ў Менску з 2014 году, працаваў вэб-дызайнерам. Вяду здаровы лад жыцця».

12:43

Максім Пякарскі адказвае на пытанні пракурора і тлумачыць, што азначае малюнак «Рэвалюцыя свядомасці. Яна ўжо ідзе».

«Ён значыць, што беларусы павінны цікавіцца сваёй гісторыяй, – гэтаму быў прысвечаны малюнак бусла. Кніга – сімвал разумовае развіццё, а гантэлі – спартовае. Сілуэт чалавека з бутэлькай – з алкаголем». – «Ён выцякае як полымя?» – «Не, як вада». – «Ваду мастакі па-іншаму малююць». – «Не, гэта вада. Там усё зразумела».

12:22

Пачаўся допыт Маскіма Пякарскага.

«Прызнаю сам факт нанясення, але не прызнаю віны. Гэта, максімум, адміністрацыйная адказнасць. Гэта не грамадскія месцы, а закінутыя вайсковыя часткі. Я лічу, што малюнкамі мы іх толькі палепшылі. Не парушылі грамадскі парадак, бо людзей там не было».

12:18

Вадзіма Жаромскага дапытваюць пра лад жыцця.

«Ці выражаюць гэтыя выявы Вашыя інтарэсы асабіста?» – «Так, я падтрымліваю іх змест» – «Патлумачце суду, як Вы ставіцеся да алкаголю, палення? Які ў Вас лад жыцця?» – «Мы не ўжываем ні алкаголю, наркотыкаў і вядзем здаровы лад жыцця. Цікавімся гісторыяй» – «Ці можна сказаць, што вашыя малюнка зʼяўляюцца прапагандай здаровага ладу жыцця і незалежнасці Беларусі?» – «Я лічу, што малюнкі выклікаюць добрыя эмоцыі ў тых, хто іх бачыць».

Допыт Вадзіма Жаромскага скончаны. Паказанні дае Максім Пякарскі.

12:13

Пытанні абароны Жаромскаму пра сэнс малюнкаў.

«Беларусь стала незалежнаю, перакрэсленыя серп з молатам і свастыка азначаюць, што гэтыя рэжымы маюць застацца ў мінулым».

12:07

Вадзім Жаромскі: «Мы стаялі пад банерам з міліцыяй і абмяркоўвалі тое, што кожны з нас мае прэтэнзіі да працаўнікоў МУСу. Праз непрыязь да іх мы закідалі банер фарбаю, праз сто метраў закідалі яшчэ адзін лямпачкамі з блакітнаю фарбаю».

12:03

Пракурор дапытвае пра значэнне малюнак «Рэвалюцыя свядомасці. Яна ўжо ідзе».

«Што сімвалізуе кожны з элементаў?» – «Максім узяў яго з Інтэрнэту. Рэвалюцыя свядомасці – унутраныя пераўтварэнне чалавека. Сімвалы: кніга – гэта веды, гантэлі – гэта спорт, бусел – сімвал Беларусі».

«Што значыць выява мужчыны з запальнай сумессю?» – «Гэта не запальная сумесь. Гэта бутэлька з алкаголем. Гэта значыць, чалавек, які кідае піць».

«Вы ў сябе дома на сценах малюеце?» – «Не» – «Чаму вырашылі маляваць на вуліцы?» – «Будынкі былі закінутыя. Мы іх авысакародзілі».

 

11:50

Графіці маляваў Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі «падаваў пэндзлі, адкрываў фарбы». Пракурор дапытвае пра сэнс малюнка.

«Выразіць творчыя пабуджэнні на сцяне» – адказвае Максім.

 

11:47

Пракурор пытае пра малюнак «Беларусь мае быць беларускай» на Альшэўскага. Паводле Вадзіма Жаромскага, месца было доўга закінутым, там ужо былі малюнкі, там ужывалі алкаголь. 9 траўня сабраліся маляваць. Разам купілі фарбу, пэндзлі, валікі ў краме.

11:45

Пракурор дапытвае Вадзіма Жаромскага. Пытанні тычацца знаёмства з Пякарскім і Касінеравым, пры якіх абставінах яны сустракаюцца. Паводле Вадзіма Жаромскага, на сценах будынку вайсковай часткі, дзе было намалявана графіці, было шмат іншых малюнкаў, у тым ліку былі і такія, што ўтрымлівалі нецэнзурныя словы. Пра банер: «Не лічу, што зрабіў злоснае хуліганства. Мы сапсавалі канкрэтнае палатно і не збіраліся кранаць іншыя».

11:34

Ніхто з трох абвінавачаных  не прызнае сваёй віны.

11:30

Хадайніцтва пацярпелага аб скасаванні крымінальнай адказнасці з прычыны кампенсацыі шкоды будзе разгледжанае ў пакоі для нарадаў.

11:25

Пацярпелы ІП, білборд якога яны запэцкалі: «Я чалавек просты. Страты мне кампенсавалі (паказвае паперы, што гэта пацвярджаюць). Я не супраць, каб суд быў неяк на карысць рабят»

11:20

Суддзя забараніла здымаць фота і відэа ў часе паседжання. Пякарскі хадайнічае пра вядзенне працэс на беларускай мове.

Суд пастанавіў: паседжанне будзе па-расейску.

11:10

Судовае пасяджэнне пачалося з патасоўкі: нехта ў залі выцягнуў плакат у падтрыманне абвінавачаных. Яго сілаю вывялі з суда. Аднак дзякуючы гэтаму на паседжанне паспелі ўвайсці тыя, хто затрымаўся на кантролі ля ўваходу. Яшчэ каля 40 асобаў засталіся за дзвярыма.

У судзе спраўджваюць дадзеныя абвінавачаных.

Разгляд справы адбываецца ў судзе Фрунзенскага раёну Менску.



«Беларусь мае быць беларускай», «Рэвалюцыя свядомасьці, яна ўжо ідзе…» – такія надпісы хлопцы зрабілі на плоце каля будынка па зав. Альшэўскага і на будынку былой вайсковай часткі па вул. Лынькова, а таксама запэцкалі фарбай білборд з выявай працаўнікоў міліцыі на вул. Гарэцкага.

11 жніўня 2015 году хлопцаў жорстка затрымалі, але пасля грамадскага розгаласу вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

«Падчас затрымання мяне не збівалі. Але калі мы ад’ехалі, хтосьці з іх спытаў мае прозвішча, імя, імя па бацьку. Я быў у стрэсе, і ці то надта ціха адказаў, ці то не так хутка, як трэба было, але адразу атрымаў моцны ўдар у сківіцу. Я займаюся тайскім боксам, і магу ўпэўнена сказаць – мне «прапісалі» добры хук. У мяне адразу рот напоўніўся крывёю, я некалькі разоў яе глытаў, каб не запэцкаць падлогу», – распавёў журналістам пра затрыманне Вячаслаў Касінераў.

Чытайце таксама: Пагражалі, білі электрашокерам, зламалі сківіцу, а кроў глыталі, каб не запэцкаць падлогу: хлопцы са «справы графіцістаў» расказалі пра падрабязнасці свайго затрымання.

17 жніўня праваабаронцы цэнтр «Вясна» заклікаў спыніць крымінальны пераслед графіцістаў.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў