Кемерава: сваякі паведамляюць пра 85 зніклых без вестак. Віцэ-губернатара вымусілі стаць на калені перад мітынгоўцамі


У штабе, створаным сваякамі ахвяраў пажару ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» у Кемерава, сабраныя дадзеныя аб 85 зніклых без вестак.

«Дадзеныя атрыманыя асабіста, па пошце і SMS. Прозвішчы не паўтараюцца. 70% зніклых без вестак – дзеці, сярэдні ўзрост – 10-13 гадоў », – паведаміў «Інтэрфаксу» прадстаўнік штаба. Сабраныя дадзеныя, паводле яго слоў, плануецца перадаць у паліцыю.

На дадзены момант стыхійны мітынг, які пачаўся раніцай 27 сакавіка каля будынка абласной адміністрацыі ў Кемерава, скончыўся – ён цягнуўся больш за 6 гадзінаў. Некалькі тысячаў мітынгоўцаў патрабавалі ад уладаў расказаць праўду пра пажар – людзі не вераць у афіцыйна апублікаваную колькасць загінулых. Калі да прысутных выйшаў віцэ-губернатар Кемераўскай вобласці Сяргей Цівілёў, натоўп сустрэў яго крыкамі «Праўду!», «У адстаўку!», «Забойцы!». Пасля гэтага прысутныя на мітынгу запатрабавалі, каб да іх выйшаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, які прыляцеў 27 сакавіка ў Кемерава, але Пуцін так і не з’явіўся.

Віцэ-губернатар Сяргей Цівілёў быў вымушаны стаць на калені перад жыхарамі гораду і папрасіў прабачэння за трагедыю ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня». Жэст намесніка губернатара сустрэлі апладысментамі.

Раней Цівілёў абвінаваціў Ігара Вострыкава (у яго пры пажары ў ГЦ загінулі трое дзяцей, жонка і сястра), што той вырашыў «папіярыцца на трагедыі».

Вице-губернатор Кемеровской обл.

«Вы что, хотите попиариться на горе?» — вице-губернатор Сергей Цивилев Игорю Вострикову, потерявшему сестру, жену и троих детей

Opublikowany przez МБХ медиа Wtorek, 27 marca 2018

Сёння раніцай Пуцін усклаў кветкі ля стыхійнага мемарыялу ў памяць аб загінулых пры пажары ў ГЦ «Зімовая вішня». Ён заявіў, што трагедыя адбылася «праз злачынную халатнасць, праз разгільдзяйства». Пазней Пуцін аб’явіў 28 сакавіка днём жалобы ў РФ па загінулых у пажары ў гандлёвым цэнтры ў горадзе Кемерава.

Паводле афіцыйных звестак, ахвярамі трагедыі сталі 64 чалавекі (у тым ліку мінімум 41 дзіця, як сцвярджаюць сваякі). Тым часам у сацыяльных сетках распаўсюджваецца інфармацыя, што ўлады хаваюць сапраўдныя лічбы ахвяраў пажару і насамрэч загінулі некалькі сотняў чалавек.

Пажар узнік 25 сакавіка на чацвёртым, апошнім, паверсе гандлёвага цэнтру. Пажарная сігналізацыя не спрацавала. Эвакуацыю людзей абцяжарвалі зачыненыя выхады і агульная паніка. Некаторым давялося выкідвацца з вокнаў. Дзеці тэлефанавалі бацькам і рабілі пасмяротныя запісы ў сацсетках.

У сувязі з трагедыяй Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу. Ужо вядома пра затрыманне прынамсі пяці асобаў. Дзве асноўныя версіі прычынаў пажару – падпал паралону ў батутным басейне для дзяцей і кароткае замыканне каля кінатэатру. Паводле следчых, пажарная сігналізацыя ў гандлёвым цэнтры не працавала амаль тыдзень.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў