У Берасці не дазволілі мітынг супраць акумулятарнага заводу


Фёдар Петрусевіч атрымаў адмоўны адказ на заяву аб правядзенні мітынгу 18 сакавіка на плошчы Леніна ад імя 85 чалавек, якую ён падаў на мінулым тыдні.

«Заяўку я аднёс 12 сакавіка, але што мітынг не дазволяць, даведаўся, калі ўчора патэлефанаваў у ідэалагічны аддзел берасцейскага гарвыканкаму. Там спаслаліся на невыкананне тэрміну падачы заявы, хоць я лічу, што гэта фармальная прычына, каб не дапусціць масавых пратэстаў супраць будаўніцтва заводу», – паведаміў Белсату Фёдар Петрусевіч.

Згодна з каментарамі ў закрытых гарадскіх суполках у сеціве, некаторыя берасцейцы ўсё роўна плануюць заўтра прыйсці на галоўны пляц, каб «пакарміць галубоў».

Яшчэ адну заяўку на правядзенне мітынгу падалі ў гарвыканкам праваабаронца Раман Кісляк і мясцовы актывіст Міхаіл Галуза. Адказу яны пакуль не атрымалі.

Таксама ў берасцейскі гарвыканкаме паступіў зварот з просьбай прысвоіць самым буйным могілках Берасця – Паўночным, імя гаспадара заводу Віктара Лемяшэўскага.

16 сакавіка прайшла сустрэча праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага заводу з прэзідэнцкай камісіяй, якая была створана пасля перадачы 36,809 подпісаў супраць будаўніцтва заводу. Яна зацягнулася на пяць гадзінаў, але скончылася нічым. Фактычна ўлады амартызуюць пратэст.

Праціўнікі будаўніцтва заводу выпусцілі кліп, прысвечаны будоўлі. У відэа выкарыстана музыка, напісаная Ігарам Мацвіенкам пад уражаннем ад авіякатастрофы над Сінайскім паўвостраве; словы – народныя.

ЦЛ

Стужка навінаў