«Расея парушыла межы суседніх дзяржаваў і імкнецца атрымаць права вета ў эканамічнай, дыпламатычнай і абарончай палітыцы сваіх суседзяў», – гаворыцца ў апублікаваным «Рэзюмэ Стратэгіі нацыянальнай абароны ЗША» 2018 году.
Гэта рассакрэчаныя для публікі вытрымкі з сакрэтнай «Стратэгіі нацыянальнай абароны ЗША 2018», якая засталася сакрэтным унутраным дакументам амерыканскага Міністэрства абароны.
Сітуацыя з бяспекай у свеце робіцца ўсё больш складанай, прызнае Пентагон пад кіраўніцтвам Джыма Мэціса, генерала марской пяхоты ў адстаўцы.
«Галоўны выклік дабрабыту і бяспецы ЗША – аднаўленне доўгатэрміновага стратэгічнага спаборніцтва з боку краін, якія класіфікуюцца як дзяржавы-рэвізіяністы. Усё больш зразумела, што Кітай і Расея хочуць стварыць свет, якія адпавядае іхнай аўтарытарнай мадэлі», – гаворыцца ў дакуменце.
Кітай усе больш узмацняе свае войскі і выкарыстоўвае ваенна-палітычны і эканамічны ціск, каб апанаваць рэгіён Ціхага і Індыйскага акіянаў, а потым і прэтэндаваць на сусветнае панаванне.
Расея са свайго боку імкнецца паставіць пад сваю ўладу суседзяў, раскалоць Паўночнаатлантычны абарончы альянс. «Выкарыстанне новых тэхналогіяў для дыскрэдытацыі і згортвання дэмакратычных працэсаў у Грузіі, Крыме і на ўсходзе Украіны ўжо выклікаюць занепакоенасць, аднак разам з павелічэннем і мадэрнізацыяй атамнага арсеналу гэта з’яўляецца відавочным выклікам», – адзначаюць аўтары.
Пагроза другога парадку – «рэжымы-ізгоі», такія як камуністычная Паўночная Карэя і ісламісцкі Іран. Гэтыя краіны дэстабілізуюць свае рэгіёны праз імкненне атрымаць атамную зброю, іншую зброю масавага знішчэння ці падтрыманне тэрарызму.
Кітай і Расея, Паўночная Карэя і Іран, змаганне з тэрарызмам, стабілізацыя ў Іраку і Афганістане – вось у такім парадку зараз пералічвае свае прыярытэты Мінабароны ЗША.
«Стратэгічная канкурэнцыя паміж дзяржавамі, а не тэрарызм, цяпер ёсць галоўнай праблемай для нацыянальнай бяспекі ЗША», – сведчыць дакумент.
Моцная і свабодная Еўропа, абʼяднаная вакол прынцыпаў дэмакратыі, нацыянальнага суверэнітэту і ўзаемнай абароны – жыццёва важная для ЗША, адзначаецца ў «Стратэгіі».
НАТО ў Еўропе павінна «стрымаць расейскі авантурызм, разбіць тэрарыстаў, якія імкнуцца забіваць мірных людзей, вырашыць праблему сферы нестабільнасці на сваёй перыферыі».
Дакумент заяўляе, што еўрапейскія партнёры ЗША павінны пры гэтым падтрымліваць свае арміі ў добрым парадку, а не разлічваць толькі на дапамогу з-за акіяну: «Мы чакаем, што еўрапейскія хаўруснікі будуць выконваць свае абавязкі па павелічэнні выдаткаў на абарону і мадэрнізацыю, каб узмацніць альянс перад абліччам агульных пагрозаў для бяспекі».
«Мы выходзім з перыяду стратэгічнай атрафіі», – піша Пентагон, адзначаючы, што некалькі дзесяцігоддзяў ЗША дамінавалі ў паветры, на зямлі і на моры, аднак у апошнія гады страцілі былую рашучую перавагу над супернікамі, якія імкнуцца дагнаць і нават перагнаць амерыканцаў.
«Мы стаім на значна больш небяспечным і дэзарганізаваным полем бою, дзе ўсё адбываецца хутчэй і адразу ў некалькіх прасторах… На сітуацыю ў сферы бяспекі таксама ўплывае хуткае развіццё тэхналогіяў і змена характару вайны», – гаворыцца ў сінопсісе.
Больш за тое, новыя высокія тэхналогіі аказваюцца даволі даступнымі нават для небагатых і адносна нізкатэхналагічных праціўнікаў. На звычайным кампʼютары можна займацца хакерствам, аналізаваць вялікія абʼёмы дадзеных, кіраваць робатамі і беспілотнікамі, распрацоўваць біятэхналогіі.
Новыя камерцыйныя тэхналогіі зменяць грамадства, а разам з гэтым і характар вайны, аднак сам факт таго, што гэтыя тэхналогіі будуць даступнымі на рынку, дасць іх у рукі не толькі краінам-праціўнікам ЗША, але і тэрарыстам, транснацыянальным злачынным групоўкам і іншым падобным недзяржаўным арганізацыям.
Пентагон заклікае ў мэтах перамогі ў даўгатэрміновай стратэгічнай канкурэнцыі да агульнай супрацы літаральна ўсю Амерыку – ад дыпламатаў, разведчыкаў і вайскоўцаў да супрацоўнікаў СМІ і бізнесменаў.
Мэта – зрабіць Узброеныя сілы ЗША значна больш магутнымі, разбудаваць і ўзмацніць сістэму дыпламатычных хаўрусаў і партнёрства, утрымаць тэхналагічнае першынства і ініцыятыву дзеянняў.
Прапануецца рыхтаваць войска найперш для вайны супраць такога ж войска – у Паўднёва-Усходняй Азіі, Еўропе і на Бліжнім Усходзе. Для гэтага трэба маштабна мадэрнізаваць атамны арсенал і сістэму кіравання ім, узмацніць прысутнасць у сферы кібербяспекі і ў космасе, разбудаваць супрацьракетную абарону, шырока выкарыстоўваць штучны інтэлект і машыннае навучанне.
Войскі павінны дзейнічаць больш гнутка, меншымі групамі, хутка манеўраваць і быць падрыхтаванымі да аўтаномнага дзеяння і ў складаных умовах. Для гэтага прапануецца развіваць у афіцэраў і жаўнераў «культуру эксперыментавання і разлічанай рызыкі».
Аляксандр Гелагаеў belsat.eu