Інтэрв’ю блогера і журналіста Юрыя Дудзя з Ксеніяй Сабчак, якая абвясціла аб вылучэнні ў прэзідэнты, за содні паглядзелі амаль 2 млн чалавек.
«У Расеі так склалася, гэта, вядома, дрэнна, жыве вялікая колькасць людзей, якія гатовыя прагаласаваць за мужыка, але не гатовыя прагаласаваць за жанчыну», – распачаў гутарку Дудзь.
«Ты сексіст! Хто сказаў, што людзі не будуць галасаваць за жанчын?», – адказала Сабчак.
Падчас размовы Сабчак трымалася вельмі ўпэўнена і годна адбівала атакі Дудзя. Калі б гэта быў «батл», яна б перамагла.
Вядоўца распавяла пра асабістую сустрэчу з Навальным, на якой абмеркавала свой магчымы ўдзел у выбарах. Паводле Сабчак, яна прапанавала апазіцыйнаму палітыку распрацаваць альтэрнатыўны план на выпадак, калі яго не зарэгіструюць. Аднак той адмовіўся, заявіўшы, што «галасы не перадаюцца».
Акрамя таго, Сабчак і Дудзь абмеркавалі зносіны тэлевядоўцы з Уладзіславам Сурковым, сорам за тэлепраект «Дом-2», Пуціна і яго сямʼю, даходы, сексізм (Сабчак абвінаваціла Дудзя, што ён абмяркоўвае жанчын як кароў), тое, чаму вылучэнне Сабчак выглядае як «дагаворны матч», і чаму пачала ўдзельнічаць у пратэстах.
«Ты не ведаеш, колькі рэчаў схавана ў маім прэзідэнцтве. Ты не ўяўляеш, колькі рэчаў ты пабачыш у бліжэйшыя месяцы», – сказала Сабчак Дудзю.
На пытанне Дудзя «Апынуўшыся перад Пуціным у наступны раз, што ты яму скажаш?», Сабчак адказала: «Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, сыходзьце».
1. Распусціць Дзярждуму, шалёны прынтар, які штампуе законы. Сабраць новую.
2. Прыбраць Леніна з Чырвонай плошчы.
3. Адкрыць уваход у Крэмль.
Ксенія Сабчак стала першай жанчынай, у якой Юры Дудзь узяў інтэрвʼю для свайго праекту «вДудь». Дудзь запрасіў Сабчак у праграму 19 кастрычніка, назваўшы яе вылучэнне ў прэзідэнты «самым дзіўным учынкам году».
Юрый Дудзь – расейскі журналіст, галоўны рэдактар Sports.ru. На YouTube-канале «Вдудь» ён выкладвае інтэрв’ю з вядомымі людзьмі.
18 кастрычніка Сабчак абвясціла, што хоча балатавацца на пост прэзідэнта Расеі. Яна назвала сябе кандыдатам «супраць усіх». Ксенія Сабчак, аднак, адзначыла, што здымецца з выбараў у выпадку рэгістрацыі ў якасці кандыдата палітыка Аляксея Навальнага.
ДР belsat.eu