Служба знаёмстваў «Мамба» выпусціла прыкладанне пад назваю «Разам на выбары». Распрацоўнікі прыкладання прапануюць патэнцыйным самотным карыстальнікам знайсці сабе пару, каб разам узяць удзел у выбарах расейскіх губернатараў (адбудуцца 10 верасня).
Прыкладанне працуе па тым жа прынцыпе што і «Tinder» або падобныя прыкладанні для пошуку партнёраў у сеціве.
У анкеце карыстальнікі могуць указаць, якія віды сексу яны любяць ды іншыя інтымныя падрабязнасці пра сябе.
Прыкладанне дазваляе знайсці/стаць спонсарам. У VIP-версіі можна схаваць свой узрост.
Гендырэктар «Мамбы» Андрэй Бранецкі паведаміў у размове з тэлеканалам «Дождь», што запуск прыкладання яму «параілі» і папрасіў патэлефанаваць на наступны дзень.
Паводле ананімнай крыніцы з адміністрацыі прэзідэнта Расеі, калі прыкладанне стане папулярным, то пасля «абкаткі» на рэгіянальных выбарах яно будзе выкарыстоўвацца для падвышэння яўкі на прэзідэнцкіх выбарах у Расеі ў 2018 годзе, піша tvrain.ru.
ЗАТ «Мамба» праз кіпрскі афшор на 31 % належыць «Mail.ru» Алішэра Усманава. Асноўным акцыянерам кампаніі сябе называе група «Финам».
ЮВ, belsat.eu