Двое выхадцаў з Чачэнскай рэспублікі атрымалі прытулак у Літве, бо на радзіме «пацярпелі ад пераследу за сваю сексуальную арыентацыю». Пра гэта паведамляе Паўночна-каўказская служба Радыё Свабода са спасылкай на Балтыйскую службу навінаў.
17 траўня міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што ўлады прынялі такое рашэнне пасля таго, як азнаёміліся з дакладамі праваабаронцаў пра пераслед і катаванні геяў у паўднёвым рэгіёне Расеі.
Пазней Лінкявічус пацвердзіў у сваім афіцыйным Твітэр-акаунце, што двум чачэнцам выдалі адпаведныя візы.
ЗША і еўрапейскія краіны заклікаюць расейскія ўлады тэрмінова распачаць расследаванне ціску на прадстаўнікоў мясцовай ЛГБТ-супольнасці.
Тым часам кіраўнік Чачэнскай рэспублікі Рамзан Кадыраў абвяргае ўсе абвінавачванні ў катаванні геяў і сцвярджае, што ў Чачні гомасексуалізму не існуе.
Уладзімір Пуцін выказаў намер абмеркаваць сітуацыю з сілавымі органамі, але таксама назваў паведамленні СМІ і праваабаронцаў «чуткамі».