Праваабаронца: Падаткавікі скардзіліся мне, што людзі закідалі лістамі наконт збору на дармаедства


Алег Волчак распавёў, як змагацца з беспадстаўнымі патрабаваннямі падатковай службы.

Толькі за два дні дзеячы незалежнага прафзвязу РЭП сабралі больш за шэсць тысяч подпісаў грамадзянаў – і гэта толькі пад электронным зваротам, без уліку сабраных на вуліцах беларускіх гарадоў. Калі ж улады не прыслухаюцца да патрабавання грамадзянаў адмяніць падатковы збор, арганізатары кампаніі не выключаюць масавых акцыяў пратэсту. 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, у Менску апазіцыя збіраецца зладзіць «Марш дармаедаў». У «Гарачым каментары» – кіраўнік цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.

«Людзям ужо трэба перастаць баяцца дзяржаўных органаў, міліцыі, пракуратуры, КДБ, бо ёсць Канстытуцыя, ёсць правы. І вось мы тлумачым людзям, што нават у сітуацыя з гэтым дэкрэтам ёсць правы, і можна пісаць скаргі і заявы. Таму мы праглядзелі гісторыі людзей і пабачылі, як кажуць блогеры, што «спамам» рассылаюцца апавяшчэнні», – заявіў Алег Волчак у эфіры «Белсату».

Таксама ён распавёў, што дапамог некаторым асобам, якім не мусілі ўвогуле прыходзіць «лісты шчасця», скласці заяву ў падатковую. Цягам месяца зварот быў разгледжаны, падаткавікі прызналі сваю памылку і анулявалі патрабаванні аб выплаце збору.

«У нас будзе яшчэ некалькі такіх выпадкаў, і мы ўжо паставілі пытанне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці падатковага інспектара, які няправільна падаў спісы (з патэнцыйнымі «дармаедамі»)», – дадаў Алег Волчак.

Паводле праваабаронцы, праблемы з-за дэкрэту аб дармаедах узніклі і ў падаткавікоў:

«Пазаўчора мне патэлефанавалі з рэгіёну, не буду яго называць, з падатковай службы, і скардзіліся, што вельмі шмат ідзе лістоў-заяваў, і што падаткавікі загружаюцца працай. Натуральна, сістэма гэта ўсё адсочвае, чытае настроі. Мы бачым, была нарада ў снежні ў адміністрацыі кіраўніка краіны, пасля новага года вельмі доўга абмяркоўваюць, як знайсці выйсце з гэтай сітуацыі. Але настроі вельмі неперспектыўныя для ўладаў. Асабліва ў малых гарадах і вёсках, бо там увогуле ніякай працы няма».

Чытайце таксама: