За два дні петыцыя за адмену дэкрэту аб дармаедах сабрала амаль 6 тыс. подпісаў


Ніводная праблема не прыцягнула столькі ўвагі беларусаў, як дэкрэт аб дармаедах. Так шмат подпісаў на сайце zvarot.by не збірала ніводная ініцыятыва.

Збор подпісаў 17 студзеня распачаў беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), які заклікае грамадзянаў падтрымаць зварот да Лукашэнкі аб адмене спрэчнага Дэкрэту №3.

«Былі звароты, якія збіралі подпісаў і больш, але ўлада на іх была не абавязаная адказваць. Электронны зварот, калі ён падпісаны па форме (прозвішча, імя, адрас, электронны адрас) абавязковы да разгляду і адказу з боку дзяржаўнага органа. Сёння ёсць толькі два сайты, якія дазваляюць збіраць подпісы такім чынам, каб улады былі абавязаныя на іх адказаць», – распавядае ў размове з Belsat.eu ініцыятар кампаніі, актывіст прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак.

І дадае, што ў выпадку з «дармаедамі», атрымаўся самы масавы ў гісторыі Беларусі электронны зварот да ўладаў.

Андрэй Стрыжак мяркуе, што дэкрэт аб дармаедах уводзіць новую форму прымусовай працы пад пагрозай пакарання.

«Дэкрэт не толькі супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і міжнародным дамовам, але і маніпулюе тэрмінамі, скажае сапраўднае становішча і свядома падманвае грамадзянаў адносна іх няўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Дэкрэт аб дармаедах гэта дыскрымінацыя сацыяльна ўразлівых груп, прымусовая праца, крыміналізацыя грамадства і збядненне. Дэкрэт павінен быць адменены. Мы не просім, мы патрабуем. Гэта выразны сігнал ад грамадзянаў, што так з намі паступаць нельга», – кажа Андрэй Стрыжак.

Чытайце таксама:

АС, belsat.eu

Стужка навінаў