Алесь Чобат. Сляпы паэт у стогадовай хаце


Геніяльны творца, якім магла б ганарыцца Беларусь, жыве ў адзіноце, беднасці і амаль без дапамогі. Пры гэтым Алесь Чобат працягвае пісаць.

Апошнія згадкі пра Алеся Чобата ў медыях у асноўным прысвечаны яго новай кнізе «Планета», якая выйшла напрыканцы гэтага года. Аднак размовы пра літаратуру зусім не раскрываюць складаныя ўмовы ў якіх жыве сёння пісьменнік і паэт, сябра міжнароднага ПЭН-клубу: у невялічкім гарадку пад Горадняй, цалкам адзін, у стогадовай драўлянай хаце, канчаткова страціўшы зрок.

Паэтка Данута Бічэль у доме Алеся Чобата

Ледзь не адзіны чалавек, які наведвае Алеся Чобата, гэта літаратарка Данута Бічэль, з якой паэт сябруе шмат гадоў. Менавіта яна забрала нас з сабой у адведкі ў Скідаль да Алеся Чобата. Унутры хаты ўсё вельмі сціпла, нешматлікая мэбля і рэчы акуратна расстаўленыя гэтак, каб не зачапіцца і ведаць, дзе што стаіць.

Столі абвешаны сівізной павуціння. Старыя пажоўклыя шпалеры выдаюць, як даўно хату не парадкавалі. Тут засталося толькі самае патрэбнае. Калі спадар Чобат аслеп, «добразычлівыя» суседзі проста злодзі павыносілі з хаты ўсё, што мела хоць нейкую вартасць.

Данута Янаўна раз на тыдзень адведвае свайго даўняга сябра, дапамагае яму схадзіць у краму, таму што самому гэта зрабіць амаль немагчыма. Робяць закупы ежы на ўвесь тыдзень, каб хапіла. Абавязковыя прадукты: малако з сечкай і ліверка для двух коцікаў, якія жывуць разам з паэтам. Самыя танныя і асноўныя прадукты харчавання, якія дазваляе пенсія.

Палову зроку страціў, калі ў дзяцінстве скалечыў бацька

Нарадзіўся Алесь Чобат у Скідзелі 23 жніўня 1959 года. Маці і бацька былі ахвярамі вайны, вязнямі рабочых лагераў у Германіі. Ягонае дзяцінства разам з сястрой нельга назваць салодкім, а нянавісць роднага бацькі прывяла да страты паловы зроку паэта.

«Той тата, каторы родны, каторы і не родны, бо яго немцы стэрылізавалі ў сваім часе… Час быў такі паваенны. Хто тут ад каго – не разабрацца. Ну, а што было рабіць? А дзе ўзяць тры мільёны чалавек пабітых? Ён мяне скалечыў у 12 гадоў. О, тут ён быў смелы! На адно вока скалечыў. Ну што? Сляпому нічога не можна. Шафёрам не можна, слесарам не можна, пайшоў я вучыцца. Я адразу ведаў, што лепш з гэтымі філолагамі, гісторыкамі і, тым болей, журналістамі не звязвацца. Мяне з маім языком доўгім аднакурснікі здадуць проста. Ну, за стыпендыі, за койкамесца ў інтэрнаце. Я пайшоў у тэхналагічны інстытут. Самы чорнарабочы. Выбралі з сястрой Паўлінай такую хітрую прафесію, з каторай быццам бы кругом можна – перапрацоўка пластмасы. Ну, гэта ліцейная перапрацоўка аказалася».

Я прывык не ганяць халтуры, таму што бяды наробіш

У 1981-м годзе Алесь Чобат скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут у Менску па спецыяльнасці тэхнолаг-канструктар. Пасля вучобы працаваў у Горадні. Быў вядучым канструктарам на гарадзенскіх заводах «Аўтамагнітола» ды «Азот». У снежні 1989-га года з працы яго звольнілі, пасля чаго пачалася творчая і палітычная дзейнасць Алеся Чобата. Былы тэхнолаг канструктар стаў адным з вядучых прадстаўнікоў партыі БНФ у Горадні. Быў каардынатарам дэмакратычнага блока «Саветы-90» на выбарах Вярхоўнага Савету БССР ХІІІ склікання. Працаваў у Музеі Максіма Багдановіча ў Горадні, пісаў для тыднёвікаў «Перспектива», «Гродненские новости», «Гродненская неделя».

«А што было рабіць? Выгналі мяне з воўчым білетам. Ну трэба ж прыдумаць нейкі занятак. А я нічога не ўмею. Журналістыка, Вы прабачце, работа не хітрая, тым больш савецкая. Схадзіў на базар, спытаў пра цэны – прыйшоў напісаў. Схадзіў на сесію горсавету, паслухаў, што яны там мелюць, абы-што, – прыйшоў напісаў. Сказалі патапіць кагосьці, пайшоў, пашукаў ягоных ворагаў каментар узяў – пайшоў патапіў. Ну гэта ж не работа! Я прывык на фабрыцы хоць нейкія рэчы рабіць. Ну, паспрабаваў я вершы», – узгадвае паэт.

«Божа, як я мучыўся! Як гэтыя словы паскладваць. Пасля павезлі да дырэктара мастацкай літаратуры ў Менску. Той паглядзеў і клікнуў рэдактара Дранько-Майсюка. Той прыйшоў пачытаў два верша. І кажа: далей прыблізна так? Кажу так. Добра, будзем выдаваць. У 92-м выдалі. Кніжку хвалілі, але, я зараз думаю, што можна было б лепей зрабіць. Першае маё апавяданне рэдакцыя «Літаратура і мастацтва» закрытым галасаваннем прызнала лепшым творам года. Неяк адразу пайшло. Таму што спераду была фабрыка. Я прывык не ганяць халтуры, таму што бяды наробіш».

Пасля выдання дзвюх кніг, быў перапынак на пераклады. Дзякуючы Алесю Чобату, сёння беларусы маюць магчымасць па-беларуску чытаць Бродскага і Мілаша.

«Неяк выкручваўся. А было такое, што зусім есці не было чаго. Было і такое. На заробкі рабіў пераклады, а для сябе гістарычныя вершы. Чым найбольш ганаруся? Кнігай «Край мой шчаслівы». Я там пісаў, як дыхаў».

Канчаткавая страта зроку

У 2009 годзе ў паэта здарылася гематома, разваліўся крышталік у воку. А зімой праз чатыры гады стукнула кровазліццё толькі не ў мозг, а ў вока, – распавядае спадар Алесь, які перажыў восем аперацый, пры чым апошняя скончылася канчатковай стратай зроку. Каб пазбегнуць скаргаў, дактары спрабавалі накіраваць «нязручнага пацыента» ў псіхушку.

«Лячылі. Стараліся вывесці атрапінам, тым, які ў жылы заліваюць, тое самае. Але не вывелі. Недзе перасалілі. У апошні заезд у Менск, якраз на Новы год, я не помню, што было. Я перанёс тады клінічную смерць. У мяне раптам тэмпература цела ўпала да 33-х з паловай градусаў і ціск да 60 на 70. А гэта жывы труп. Мяне выцягвалі трое сутак з таго свету ў рэанімацыі і выцягнулі. Потым хацелі зрабіць, нібыта я шалёны. А раптам я пачну бегаць скардзіцца? Потым аказалася, што старшая там простая санітарка і ўсіх мае о так… Яна ім сказала: я не дам, каб ён памёр і я не дам, каб вы яго спісалі. Жыццё такое… Свалачоў поўна, але вы ведаеце, не было б нармальных людзей, я б тут не сядзеў».

Цяпер спадар Алесь жыве зусім адзін у драўлянай хаце на вуліцы Чырвонармейскай у Скідзелі, што засталася ад бацькі. Маці, бацька і сястра памерлі, а дарослая дачка жыве за мяжой. Поўная страта зроку была страшным ударам для паэта, які амаль сам-насам застаўся са сваёй бядой. Мясцовыя без аніякай скрухі выносілі рэчы з яго жытла. Газавую пліту, лядоўню, посуд, ручнікі, пасцелі – бралі ўсё, што бачылі. Вынеслі нават сямейны фотаальбом са здымкамі. Уначы ўлазілі праз вокны.

«Як я жыву ў цемры? Мяне пыталі, а як Вы запальваеце газ? Запалкамі. У мяне і цяпер бывае пальцы троху папаленыя. Бывае… Чаго рабіць не можна?… Куру па-савецку. У хаце. Над вядром з вадой. Не можна запаленую запалку нікуды кідаць. Не можна дапускаць, каб нешта заліло, затапіла. Трэба хадзіць акуратна, таму што ты не бачыш. Каб нічога не разбіць. Не можна спяшацца, бо некуды ўлезеш абавязкова. У гэтым уся навука. Панабіваеш столькі сінякоў і шышак… Гэта ўсё прыходзіць не адразу».

«Перад смерцю не магу нават дом на сябе аформіць. Мушу невядома з кім прызнаваць, што мая тут – палова. Я махнуў на гэта ўсё і жыву сабе далей. З радыёпрыёмнікам мне дапамагаюць. Адзін зламаецца, прывозяць другі. Кацёл пакуль што робіць, вада пакуль што ёсць, харчы ёсць. Жыву».

Праблемы з прыватызацыяй хаты Чобатаў узніклі пасля смерці бацькі, калі падманнай маніпуляцыяй яго прымусілі адпісаць усю маёмасць чужым людзям. Самому спадару Алесю не раз пагражалі, але ў выніку прэтэндэнтка на маёмасць з’ехала за мяжу і пакінула сляпога паэта ў спакоі.

Мяне б даўно закапалі…

Алесь Чобат

«Тут ужо з хатай я не буду следам плакацца. Ледзь адбіўся. Пакуль адбіваўся, самае цяжкае было Дануту ўгаварыць напісаць на высачайшае імя. Тры разы пісаў. Пакуль пакінулі мяне ў адносным спакоі. У мяне да Вас адна просьба. Вы будзеце свіннямі, калі вы гэтак зробіце, каб таталітарны рэжым зноў застаўся вінаватым. Без гэтых лістоў на высачайшае… Мяне б даўно закапалі. Разумееце? А то мяне ўсё страшылі, што не дойдзе, што толькі горш будзе. І не горш выходзіць, а лепш. Зрабілі так, што мяне адсюль ніхто не выселіў. Пенсію трэба прадаўжаць кожныя 2 гады, а мне напісалі пажыццёвую. І адзін час у мяне нават быў сацыяльны работнік. Ну, цяпер ужо не прыходзіць».

«Белае ўсё ж ёсць»

«Я канешне не Багдановіч, але працэнт работы, а не халтуры, бачыце, выйшаў у мяне такі, самы высокі. Гэта фабрыка. От такое жыццё….Як карціна Чурлёніса, дзе чорная рука абступае белае. І чорнага болей, але белае ўсё ж ёсць. Ёсць зло, ёсць дабро. А будзеш упірацца, не адно зло будзе. Я б так скончыў».

«Цяпер у мяне няма ні аднаго чалавека»

Дануце Янаўне нядаўна споўнілася 79 гады. Адной упраўляцца становіцца ўсё складаней. «У 90-х, калі мы будавалі музей Багушэвіча, я магла б прывезці моладзь і вычысціць яму кватэру. Зараз у мяне няма ні аднаго чалавека», – з жалем прызнае спадарыня Данута. Менавіта яна пад дыктоўку запісала вершы для апошняга зборніка Алеся Чобата «Планета». Стварэнне вершаў сёння пры адсутнасці зроку спадару Алесю даецца з вялікай цяжкасцю, аднак апошняй працай паэт задаволены.

Алесь Чобат – аўтар шэрагу кніг, шматлікіх гісторыка-псіхалагічных эсэ, апавяданняў, хронік і біяграфій. Належыць да Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1993-га года і Міжнароднага ПЕН-клуба з 1995-га. Адзін з пачынальнікаў тэарэтычнай крэсалогіі. Перакладае з польскай мовы. Аўтар кніг «Год», «Новая Галілея», «Тутэйшая сага», «Край мой шчаслівы», «Кароткая гісторыя Беларусі». Аўтар гістарычных эсэ «Зямля св. Лукі», «Легенда пра чатырох мушкецёраў». Апошняя кніга – «Планета», выдадзеная ў 2016-м годзе.

Алесь Дзянісаў – “Турма” (на словы Алеся Чобата)

Паэт дапамогі не просіць, аднак яна яму сапраўды патрэбная. Пры тым калі не фінансавая, а хаця б побытавая. Час ад часу завесці яго ў краму, падмесці падлогу ў хаце, пачаставаць гатовай хатняй ежай, якую сам спадар Алесь з цяжкасцю можа сабе прыгатаваць. Асноўны яго рацыён – звычайныя пельмені. Або проста патэлефанаваць, пагаварыць і павіншаваць са святамі. Усіх ахвотных зрабіць добрую справу просім звяртацца па тэлефоне +375295229427

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў