Кожная дзясятая цыгарэта, нелегальна прададзеная ў Еўропе – кантрабанда з Горадні


Беларусь займае другое месца ў свеце ў аб’ёме кантрабанды цыгарэтаў: кожная дзясятая цыгарэта, якую нелегальна прадаюць у Еўропе, вырабленая на фабрыцы «Нёман», а адзін з самых папулярных у кантрабандыстаў брэндаў – гарадзенскі «Фэст».

Гэткія дадзеныя прадставіла кансалтынгавая кампанія KPMG, піша ej.by са спасылкай на італьянскія СМІ. Доля «незаконных белых» цыгарэт (законна вырабленых у адной краіне, а потым незаконна прададзеных у іншай) на італьянскім рынку складае 5,6 % ад агульнага спажывання. Гэта – 770 мільёнаў еўраў толькі недаатрыманых акцызаў.

Паводле рэйтынгу Сусветнай мытнай арганізацыі Беларусь займае другое месца ў свеце па аб’ёмах паходжання кантрабандных цыгарэт (рэйтынг складаецца паводле канфіскаванага тавару). Калі ў 2006 годзе ў Еўропе выкурылі каля 700 мільёнаў цыгарэт, вырабленых у Беларусі, то цяпер іх аб’ём складае 6 мільярдаў.

Кампанія KPMG паведамляе, што ў 2009 годзе на італьянскім рынку нелегальна прадалі каля 10 тон цыгарэт з Горадні. У 2014 годзе іх аб’ём вырас ужо да 190 тон, а гэта 30 мільёнаў еўра недаатрыманых акцызаў і падатку на дададзеную вартасць.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў