Кіраўнік Чачэніі хоча сысці ў адстаўку. Пра гэта Рамзан Кадыраў заявіў 27 лютага ў інтэрвʼю на тэлеканале НТВ, паведамляюць «РИА Новости».
«Калі шчыра сказаць, я раблю справы, і ў мяне атрымлівалася да сённяшняга дня. Вось каб не выкарыстоўвалі маё імя супраць майго народа, я лічу, што кіраўніцтва дзяржавы мусіць знайсці іншага чалавека. Мой час прайшоў. У нас пераемнікаў у камандзе вельмі шмат, ёсць вельмі добрыя спецыялісты», – заявіў кіраўнік Чачэніі.
Тры тыдні таму Кадыраў сцвярджаў, што яшчэ не вырашыў, ці будзе ён балатавацца на пасаду кіраўніка Чачэніі. Пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў Кадырава на пасадзе кіраўніка рэспублікі завершыцца 5 сакавіка.
Ён быў зацверджаны на гэтую пасаду ў 2011 годзе. Наступнага кіраўніка рэспублікі жыхары рэгіёну абяруць у адзіны дзень галасавання – 18 верасня.
ЮВ, belsat.eu