Што паглядзець на «Белсаце» ў велікодныя святы


Нашыя прапановы для тых, хто вырашыў у святочныя выходныя правесці час перад экранам.

Кіно на тэлеканале «Белсат» можна глядзець праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») або онлайн.

Справка

Вялікдзень на «Белсаце»

19 красавіка

22:05 м/ф «Божая цярніна»

20 красавіка

19:30 д/ф «(Не)Сумленнасць: уся праўда пра ману»

21:45 м/ф «Пачні зноў»

24 красавіка

21:40 д/ф «Расшчэпленыя на атамы» (ч. 1)

25 красавіка

21:45 д/ф «Расшчэпленыя на атамы» (ч. 2)

26 красавіка

18:25 ток-шоу «Кожны з нас»: Якія беларусы ХХ ст. сталі святымі?

22:00 д/ф «Расшчэпленыя на атамы» (ч. 3)

22:50 м/ф «Хочацца жыць»

27 красавіка

19:05 д/ф «Ты нават не ведаеш, як моцна я цябе люблю»

28 красавіка

21:30 м/ф «У самае сэрца»

Лікбез для тых, хто святкуе

Калі вы зусім «плаваеце» ў рэлігійнай тэматыцы, гэты фільм для вас. У ім паказаныя тры апошнія гады жыцця Ісуса Хрыста, цуды і размовы з апосталамі. Вядома, экранізацыя не заменіць першакрыніцаў (якім сцэнар не заўсёды адпавядае), але агульнае ўражанне па тэме атрымаеце. Заадно паглядзіце на Хрыста, які жартуе і п’е віно.

Што за фільм: «Божая цярніна» («La espina de Dios»)

(мастацкі, рэж. Оскар Пара дэ Карысоса (Óscar Parra de Carrizosa), 2015 г., Іспанія)

Калі глядзець: пятніца, 19 красавіка, а 22:05

Хто хлусіць найбольш?

Пры дапамозе якіх эксперыментаў навукоўцы высвятляюць, хто мае схільнасці хлусіць, а хто – не? Эксперты вывучаюць прычыны і наступствы нашых паводзінаў: ад дробнай маны дзеля добрай справы да катастрафічных наступстваў ілжы. А калі апошні раз сказалі няпраўду?

Што за фільм: «(Не)Сумленнасць: уся праўда пра ману» («(Dis)Honesty: The Truth About Lies»)

(дакументальны, рэж. Яэль Мэлямэд (Yael Melamede), 2015 г., ЗША)

Калі глядзець: субота, 20 красавіка, а 19:30

Кіра Найтлі размаўляе па-беларуску

Калі вы яшчэ не бачылі фільм, дзе Кіра Найтлі грае былую дзяўчыну рок-зоркі, то самы час паглядзець яго па-беларуску. Легенда шоў-бізнесу Дэн трапіў у паласу няўдач і ў працы, і ў сямейным жыцці. Грэту, былую дзяўчыну рок-зоркі, ён сустракае ў вечар, якім яна сышла ад свайго хлопца, даведаўшыся пра яго здраду. Для пачатку яны запісваюць разам альбом – без грошай, прафесіянальных музыкантаў і студыі. Іх студыяй становяцца вуліцы Нью-Ёрку.

Што за фільм: «Пачні зноў» («Begin again»)

(мастацкі, Рэжысёр Джон Карні (John Carney), ЗША, 2013 г.)

Калі глядзець: субота, 20 красавіка, а 21:45

Дырэктар Чарнобыльскай АЭС ўпершыню распавядае пра выбух

Катастрофа сусветнага маштабу, якая назаўсёды змяніла лёс Беларусі. Падавалася б, за гэтыя гады было сказана ўсё, што можна сказаць. Але аўтарцы дакументальнай драмы Святланы Усенка ўдалося запісаць эксклюзіўныя інтэрв’ю з відавочцамі, якія дажылі да 30-годдзя той страшнай красавіцкай ночы 1986-га…

Што за фільм: «Расшчэпленыя на атамы», 3 часткі

(дакументальны, рэж. Сяргей Сатнічэнка, 2014 г., Украіна)

Калі глядзець: серада, 24 красавіка, а 21:40, чацвер, 25 красавіка, а 21:45, пятніца, 26 красавіка, а 22:00

Беларусы, якіх афіцыйна прызналі святымі

Сярод беларусаў ёсць тыя, каго пасля смерці царква ці касцёл прызналі святымі. І некаторыя з гэтых асобаў жылі зусім нядаўна, у ХХ ст. Мы знайшлі людзей, якія іх памятаюць, а таксама іхных сваякоў. Якімі былі святыя беларусы пры жыцці?

Што за праграма: ток-шоу «Кожны з нас»

Калі глядзець: пятніца, 26 красавіка, а 18:25

Як эфектыўна змагацца з кепскімі лекарамі

Натхнёная сапраўднымі падзеямі і абсыпаная міжнароднымі ўзнагародамі, кранальная, поўная аптымізму і гумару гісторыя хлопца з абмежаванымі магчымасцямі, які нягледзячы на цяжкасці ў камунікацыі са знешнім светам, даказвае як многа можа зрабіць сіла людскога духу.

Калі Матэўш прыйшоў на свет, лекары выдалі яму прысуд, назваўшы яго «раслінай». Але бацькі хлопца ніколі не пагадзіліся з дыягназам і верылі, што нягледзячы на цяжкасці ў камунікацыі, іхны сын не абмежаваны інтэлектуальна. Матэўш расце атулены любоўю. Аднак лёс складаецца так, што ён вымушаны развітацца з сям’ёю і трапляе ў спецыялізаваны цэнтр. У далечыні ад родных Матэўш вымушаны змагацца за годнасць і права на нармальнае жыццё. Усё зменіцца пасля таго, як у цэнтры пачынае працаваць маладая валанцёрка, а ён сам прыцягне ўвагу доктаркі, якая працуе над эксперыментальнымі метадамі лячэння.

Што за фільм: «Хочацца жыць» («Chce się żyć»)

(мастацкі, рэж. Мацей Пепшыца (Maciej Pieprzyca), Польшча, 2013 г.)

Калі глядзець: пятніца, 26 красавіка, а 22:50

Маці і дачка трапілі да аднаго псіхіятра, і пачалося…

Маці і дачку звязваюць складаныя пачуцці. Ключавым момантам робіцца сустрэча з кімсьці трэцім, чужым. Гэта дасведчаны псіхатэрапеўт, прафесар, які забірае іх у нялёгкае падарожжа да паляпшэння стасункаў маці і дачкі. Стужку прызналі найлепшым дакументальным фільмам 2016 г. на Кракаўскім кінафестывалі.

Што за фільм: «Ты нават не ведаеш, як моцна я цябе люблю» («Nawet nie wiesz jak bardzo Cię kocham»)

(дакументальны, рэж. Павэл Лазіньскі (Paweł Łoziński), 2016 г., Польшча)

Калі глядзець: субота, 27 красавіка, а 19:05

Пакуль дапамагала сястры, тая адбіла мужа

Дзеянні фільма разгортваюцца ў Англіі ў 1934-1946 гг. Пахаванне бацькі зводзіць у адным доме сясцёр Мадлэйн і Дайну. Мадлэйн спрабуе атуліць сястру ўвагай і клопатам (не без дапамогі свайго мужа Рыкі). Пакрысе Рыкі пачынае прымаць Дайну не толькі як сваячку, але і як жанчыну – прывабную, таямнічую ды не такую халодную, як уласная жонка. Рыкі і Дайна закаханыя, але гэтыя пачуцці прынясуць ім толькі гора.

Што за фільм: «У самае сэрца» («The Heart of Me»)

(мастацкі, рэж. Тадыюс О’Саліван (Taddeus O.Sallivan), Вялікая Брытанія, 2002 г.)

Калі глядзець: нядзеля, 28 красавіка, а 21:30

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў