У эміграцыі жанчыны апынаюцца ў яшчэ больш уразлівым становішчы, бо часта скаваныя праз няведанне сваіх правоў: развод бачыцца немагчымым, а легалізацыя можа здавацца непад'ёмным працэсам. Акрамя таго, у выпадках хатняга гвалту ўдалечыні ад дому ахвяры яшчэ цяжэй даць адпор агрэсару. Юрыстка «WKB Lawyers» і сузаснавальніца ініцыятывы «Partyzanka» Ганна Маціеўская распавяла пра магчымасці і правы жанчын у Польшчы на сустрэчы «Правы жанчын-мігрантак у Польшчы» 7 сакавіка.
Шлюб у Польшчы
Беларусы, якія імігравалі ў Польшчу праз палітычныя прычыны, не могуць вярнуцца дадому для атрымання якіх-небудзь дакументаў. Таму жанчыны часцяком не ўступаюць у шлюб у Польшчы, бо трэба падаць даведку з Беларусі, што пацвярджае адсутнасць перашкодаў для заключэння шлюбу. Запытаць такі дакумент можна ў беларускай амбасады. Калі чалавек раней быў у шлюбе, то патрэбныя таксама дакументы, якія пацвярджаюць скасаванне шлюбу або прызнанне папярэдняга шлюбу несапраўдным.
Калі ў вас ёсць статус уцекача або дадатковая абарона ці вы толькі прэтэндуеце на яе, або маеце іншыя прычыны, праз якія не можаце пайсці ў амбасаду, то можна звярнуцца ў польскі суд з просьбаю не даваць пазначаныя дакументы.

«Часцей за ўсё пастановы суда даводзіцца чакаць каля шасці месяцаў. Але ўсё ж гэта магчыма», – кажа Ганна Маціеўская.
Маёмаснае пытанне
Пры ўступленні ў шлюб юрыстка раіць прадумаць маёмаснае пытанне. На ейную думку, супольнае валоданне маёмасцю – найбольш выгаднае рашэнне, каб улічыць інтарэсы больш уразлівага боку ў шлюбе. Напрыклад, калі хтосьці з пары перабывае ў дэкрэце.
Можна падумаць і пра шлюбную дамову, напрыклад, у выпадках, калі хтосьці з пары вядзе бізнес, у партнёраў вялікая розніца ў даходах або маёмасці, ёсць якія-небудзь спецыфічныя абставіны.
«Напрыклад, жанчыны могуць быць больш прадпрымальныя або хочуць забяспечыць становішча сваіх дзяцей ад папярэдніх шлюбаў. Тады варта задумацца аб шлюбнай дамове паміж мужам і жонкаю», – кажа Ганна Маціеўская. – Не трэба баяцца казаць пра грошы. Пытанні, звязаныя з маёмасцю, не павінны быць праблемаю, прынамсі, у абмеркаванні гэтага ў партнёрскіх стасунках».

Разводы і боязь страціць легалізацыю
Часцей за ўсё сярод беларусаў у Польшчы выклікае вялікую заклапочанасць пытанне разводаў. Аднак, калі вы пераехалі, гэта не значыць, што вы прывязаныя да партнёра назаўжды, адзначае экспертка.
«Ёсць двухбаковае пагадненне паміж Польшчаю і Беларуссю, што, у прыватнасці, рэгулюе сітуацыю, звязаную з тым, які ў вас будзе сцэнар разводу», – кажа Ганна Маціеўская.
Калі ў пары абодва беларусы і жывуць у Польшчы, то яны могуць развесціся ў Польшчы паводле польскага заканадаўства. Калі адзін з партнёраў у пары мае польскае грамадзянства, то пры пражыванні на тэрыторыі Польшчы яны таксама могуць развесціся тут.
Развесціся можна нават, калі пара жыве ў розных краінах. У такім выпадку будзе прымяняцца права той краіны, у якой пададзены пазоў, а задзейнічаныя будуць суды абедзвюх краінаў.
«Самая важная інфармацыя для жанчын у тым, што яны могуць развесціся і ў Польшчы. Аднак часта жанчыны баяцца разводу, бо баяцца страціць свой статус, звязаны з легалізацыяй у Польшчы. Напрыклад, да мяне быў такі запыт: у 2021 годзе сям'я падала заяву на міжнародную абарону. Заяўнікам быў толькі муж. У сувязі з чым пастанова [decyzja ў Польшчы] выдаецца ў дачыненні да мужа. У пастанове ёсць анатацыя, дзе гаворыцца, што статус распаўсюджваецца таксама на жонку і дзяцей.
І гэта даволі часта палохае жанчын: калі пастанова датычыла мужа, то ці не страцяць яны з дзецьмі гэты статус», – кажа Маціеўская.
Яна падкрэслівае, што жонка не губляе свайго статусу ў выпадку міжнароднай абароны.
,,«Нават калі заяўнікам быў муж, гэта не мяняе таго факту, што гэты статус ужо быў дадзены жанчыне і дзецям. Таму кожны з гэтых людзей можа карыстацца ўсімі правамі, якія адпавядаюць гэтаму статусу», – кажа Маціеўская.
Аднак з іншымі тыпамі легалізацыі ў Польшчы сітуацыя больш складаная.
«Напрыклад, від на жыхарства паводле ўз'яднання сям'і губляе сваю юрыдычную сілу пасля набыцця моцы пастановаю аб разводзе, але ёсць выняткі. Да гэтага моманту від на жыхарства сапраўдны.
Тут трэба рэкамендаваць жанчыне загадзя падумаць, перш чым будзе прынятая пастанова суда аб разводзе, а гэта ў Польшчы доўжыцца не менш за дзесяць месяцаў, такім чынам ёсць час для таго, каб падрыхтавацца», – адзначае юрыстка.

Яна нагадвае, што від на жыхарства можна атрымаць на падставе працы, вучобы або польскіх каранёў, пры бізнес-дзейнасці ў Польшчы.
Развод і дзеці
Часта беларусак турбуе пытанне выхавання дзяцей пасля разводу. Ёсць некалькі спосабаў пабудовы сістэмы ўзаемадзеяння дзяцей з бацькам – з дапамогаю суда і пісьмовага пагаднення паміж былымі мужам і жонкаю. Экспертка раіць адразу дамовіцца і зафіксаваць дамоўленасці праз названыя інструменты, бо нават пры адсутнасці канфліктаў на момант разводу не факт, што яны не з'явяцца ў будучыні. Тады дзіця можа зрабіцца аб'ектам маніпуляцыяў.
«Судовую пастанову лягчэй выкарыстоўваць. Калі муж, напрыклад, не выконвае судовую пастанову, тады на яго можна ўздзейнічаць праз адпаведныя органы», – кажа Маціеўская.
Аднак бацькоўскае пагадненне – гэта таксама вельмі карысная рэч, паколькі там можна прапісаць пытанні, што не рэгулююцца судом.
«Напрыклад, пытанні рэлігіі дзіцяці, адукацыі, здароўя, выдаткаў на ўтрыманне дзіцяці, ролю новага партнёра ў жыцці дзіцяці, з кім дзіця будзе праводзіць травеньскія святы, а з кім – Каляды і гэтак далей», – працягвае юрыстка.

Калі ёсць пісьмовае пагадненне, у выпадку праблемаў будзе лягчэй даказаць у судзе, што былы партнёр пагадзіўся на пэўныя правілы.
Абарона ад гвалту
Калі ў сям'і ёсць гвалт, то ахвяра можа засцерагчыся, выселіўшы агрэсара праз суд.
«Пастанова прымаецца цягам месяца і падлягае неадкладнаму выкананню. Гэта дае магчымасць абараніць ахвяру без завядзення крымінальнай справы», – апавядае Ганна Маціеўская.
Таксама ёсць працэдура «сіняя карта», калі сацыяльныя службы, паліцыя, адукацыйныя і медычныя ўстановы падазраюць гвалт у сям'і і спрабуюць дапамагчы ахвяры.
Жанчыны могуць самі звяртацца па дапамогу ў шэраг арганізацыяў, калі яны зрабіліся ахвярамі гвалту. Ганна Маціеўская рэкамендуе наступныя:
Цэнтр правоў жанчын, Варшава – аказвае юрыдычную, псіхалагічную і жыллёвую дапамогу жанчынам, якія зазналі гвалт. Таксама падтрымлівае прафесійнае і асабістае развіццё, праводзіць інтэграцыйныя і адукацыйныя заняткі, у тым ліку для людзей сталага веку і дзяцей.
Кантакт: sekretariat_ukraina@cpk.org.pl
Тэлефон: +48 800 107 777
Фонд «Польскі міграцыйны форум», Варшава – дае падтрыманне людзям усіх нацыянальнасцяў. Звярнуцца можна асабіста ў офісе ў Варшаве або праз тэлефон. Тэлефон: +48 692 913 993
Цэнтр падтрымання жанчын (Фонд «Добры старт»), Варшава – бяспечная прастора, дзе мігранткі могуць атрымаць дапамогу ў асабістых і прафесійных пытаннях. Тут падтрымліваюць жанчын, якія зазналі хатні гвалт, а таксама надаецца юрыдычная, псіхалагічная дапамога, кансультацыі ў пытаннях кар'еры і вывучэння мовы. Уцекачы могуць атрымаць бясплатную дапамогу на роднай мове, у тым ліку па-расейску і па-ўкраінску.
Адрас: вул. Электаральна 13, Варшава
Тэлефон: +48 736 380 203
Цэнтр дапамогі дзецям (Фонд «Даём дзецям сілу»), Варшава і ваколіцы – надае падтрыманне дзецям да 18 гадоў, якія сталіся ахвярамі гвалту, сексуальнага гвалту або бяруць удзел у крымінальных працэдурах у якасці пацярпелых або сведак. Дапамога таксама даступная для бацькоў або апекуноў, якія не здзяйсняюць гвалт .
Тэлефон: 22 826 88 62
Мірны дом («Humanosh»), Варшава і Надаржн – забяспечвае жытло і псіхалагічную дапамогу ўцекачам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, у тым ліку пацярпелым ад гвалту.
Тэлефон: +48 669 258 619
Цэнтр падтрымання («Zespół Ośrodków Wsparcia»), Пястув – улучае крызісны інтэрвенцыйны цэнтр, што надае медыянную, бытавую, псіхалагічную і юрыдычную дапамогу, а таксама спецыялізаваны цэнтр падтрымання для ахвяраў гвалту ў сям'і, што прапануе кансультацыі, групы падтрымання і крызісныя інтэрвенцыі.
Сустрэча «Правы жанчын-мігрантак у Польшчы» прайшла пры падтрыманні ініцыятываў «Беларуска беларусцы», «Рух Беларускай Салідарнасці» ў супрацы з «Форумам жанчын», «Цэнтрам правоў жанчын» і ініцыятываю «Партызанка».
Арсен Рудэнка belsat.eu