Статыстычны камітэт паведаміў, што ўзровень занятасці ў Беларусі перавысіў 66,5 %, і эканамістка Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» назвала гэты паказнік высокім. Пры гэтым, як паведаміла МУС, летась у нашую краіну прыехалі 33 тысячы працоўных мігрантаў, што ўдвая болей як пазалетась.
Звесткі Белстату грунтуюцца на выбарачным абследаванні хатніх гаспадарак. З гэтых звестак вынікае, што ўзровень занятасці насельніцтва ў чацвёртым квартале летась склаў 66,6 %. Гэта суадносіны колькасці занятых да колькасці насельніцтва ў веку 15–74 гадоў.
«Калі глядзець ад колькасці працаздольных, то занятасць перавышае 80 %», – адзначыла ў каментары «Белсату» эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна. Яна канстатавала: гэта добры паказнік.
«Узровень занятасці не нізкі. Можна сказаць, што высокі. Гэта пацвярджаецца ўзроўнем беспрацоўя ў межах 3 %».
Паводле Белстату, узровень беспрацоўя ў гарадах большы за той, што ў вёсках (3,3 % супраць 2,4 %).
Самыя папулярныя спосабы знайсці працу – распытаць знаёмых і сваякоў, а таксама пашукаць у інтэрнэце ці газетах. Радзей людзі звяртаюцца ў службы занятасці і да Рэспубліканскай базы вакансіяў.
Дарэчы, у гэтай базе цяпер – амаль 189 тысяч вакансіяў. Для параўнання: у канцы кастрычніка, калі «Белсат» пісаў пра рынак працы, у тым пераліку было 170 тысяч прапановаў.
Менавіта такая колькасць вакансіяў, што і не думае спыняць росту, сведчыць пра нястачу работнікаў. Беларусы з'язджаюць за мяжу, шмат каго звальняюць за палітыку. У спробе прыцягнуць працоўныя рукі ў снежні летась улады пашырылі пералік прафесіяў, на якія замежнікаў і асобаў без грамадзянства можна прыцягваць у спрошчаным парадку. Туды залучылі шэсць пазіцыяў: манцёр пуці, прадавец, слесар-сантэхнік, інжынер-электронік, тэхнік, электрамеханік.
Пры спрошчаным працаўладкаванні замежных грамадзянаў наймальнік толькі паведамляе пра гэта ў орган унутраных справаў. У астатніх выпадках патрабуецца браць адмысловы дазвол і даказваць, што вакансію не можа заняць мясцовы жыхар.
Тым часам у МУС паведамілі, што летась у Беларусь прыехалі 33 тысячы працоўных мігрантаў. Гэта ў 2,5 разу больш як пазалетась. Больш за 80 % работнікаў уладкаваліся паводле спрошчанай працэдуры.
Амаль палова з тых, хто прыехаў у мінулым годзе, – грамадзяне Туркменістану. Таксама праца ў Беларусі аказалася да спадобы расейцам, кітайцам, украінцам, узбекам:
«Унёсак у эканамічнае развіццё неаспрэчны: паводле экспертаў, прыбыткі ад выплаты падаходнага падатку гэтай катэгорыі склаў больш за 100 мільёнаў рублёў, адзначаецца істотны ўнёсак у ВУП краіны».
Міністэрства ўнутраных справаў пры гэтым запэўніла, што павелічэнне ліку мігрантаў аніяк не паўплывала на крымінагенную абстаноўку ў Беларусі.
Сцяпан Кубік belsat.eu