навіны

Чаму Раство ў Беларусі «два разы», які на яго «пароль», што значаць куцця і ваджэнне казы?

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Ці ёсць у праваслаўных Санта-Клаус? І што адказаць, калі каза кажа «Хрыстос нарадзіўся»?

Праваслаўныя ў Беларусі адзначаюць 7 студзеня Раство – святкуюць нараджэнне Ісуса Хрыста. Але каталікі і частка праваслаўных у іншых краінах святкуюць тое самае 25 снежня. Так сталася, бо не ўсе цэрквы перайшлі з юліянскага календара на грыгарыянскі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калядкі ў Лагойску, Беларусь. 14 студзеня 2021 года. (Фота: Белсат)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калядкі ў Лагойску, Беларусь. 14 студзеня 2021 года. (Фота: Белсат)
Юліянскі каляндар завецца так, бо быў уведзены за Юліем Цэзарам – ён замяніў ранейшы рымскі каляндар, у якім год складаўся з 355 дзён. Гэта адбылося ў 46 годзе да нашай эры – або да нараджэння Ісуса Хрыста, ад якога хрысціяне прыдумалі адлічваюць гады ў VI стагоддзі (хоць цяпер гісторыкі лічаць, што Ісус Хрыстос мог нарадзіцца на некалькі гадоў раней ці пазней).
Той юліянскі каляндар быў недасканалы: у ім год доўжыцца 365 дзён, але поўны абарот зямлі вакол Сонца адбываецца за прыблізна 365,242 дня, таму ў юліянскім календары раз на чатыры гады дадаецца лішні дзень у канцы лютага. Але так выходзіць, што год у юліянскім календары доўжыцца ў сярэднім 365,25 дня – і юліянскі каляндар усё роўна разыходзіцца з рэальнасцю.
Грыгарыянскі каляндар завецца так, бо яго ўвёў Папа Рымскі Грыгорый XIII у 1582 годзе. Гэты каляндар амаль як юліянскі, толькі дадае яшчэ дзень у канцы лютага пры пэўных умовах: калі нумар года кратны 4 і не кратны 100, але таксама калі год кратны 400, то дзень дадаецца, год называецца высакосным (як 1600 і 1604, 2000 і 2004, але не 1900 ці 2100). Юліянскі каляндар без гэтай папраўкі цяпер адстае ад грыгарыянскага (і ад Сонца) на 13 дзён. Грыгарыянскі таксама недасканалы, але памылка ў дзень у ім назапасіцца толькі ў 4909 годзе.
На грыгарыянскі каляндар цяпер перайшлі ўсе краіны, якія ўжывалі юліянскі (і многія тыя, якія ўжывалі іншыя). Так, Рэч Паспалітая прыняла грыгарыянскі ў тым самым 1582 годзе, а Расея – толькі ў 1918-м. Але праваслаўныя і пратэстанты не хацелі слухацца Папу Рымскага і мяняць каляндар, бунтавалі нават некаторыя каталікі. У выніку некаторыя цэрквы, у тым ліку Беларуская праваслаўная Маскоўскага патрыярхату, засталіся з юліянскім календаром, тады як каталіцкая і ўніяцкая (грэка-каталіцкая) царквы перайшлі на грыгарыянскі.
Тэалагіня і мадэратарка групы «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч тлумачыць «Белсату»: і праваслаўныя, і каталікі, і пратэстанты ў Беларусі адзначаюць адно і тое ж свята ў адну і тую ж дату.


,,

«Усе адзначаюць нараджэнне Хрыста, сына Божага, – кажа Васілевіч. – Даты, калі Ісус нарадзіўся, ніхто не ведае, гэтая дата выбраная сімвалічна. І тыя, і другія святкуюць 25 снежня, проста ў часткі праваслаўных людзей гэтае 25 снежня прыпадае на 7 студзеня свецкага календара».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: brestcity.com)

Раство пад наглядам міліцыі. МУС заявіў пра ўзмацненне захадаў бяспекі

навіны
Дарэчы, калі беларускія праваслаўныя не пяройдуць на іншы каляндар, з 2101 года Раство будзе прыпадаць ужо на 8 студзеня.
Не, яны перайшлі на новаюліянскі, які цяпер супадае з грыгарыянскім (на які перайшлі ўкраінскія грэка-каталікі). Сістэма вызначэння высакосных гадоў у ім крыху іншая, але розніца з грыгарыянскім у адзін дзень з’явіцца толькі ў 2800 годзе. У перспектыве тысячагоддзяў сярэдняя працягласць каляндарнага года ў новаюліянскім календары нават бліжэйшая да сапраўднага сонечнага года, чым у грыгарыянскім .
Гэты каляндар быў прыдуманы сербскім астраномам Мілутынам Міланкавічам, яго ў 1923 годзе прынялі на Усеправаслаўным кангрэсе ў Канстанцінопалі (сённяшні Стамбул) амаль усе праваслаўныя цэрквы, у тым ліку Канстанцінопальская, якая ў праваслаўі лічыцца «першай сярод роўных». Не прынялі яго толькі Расейская, Ерусалімская, Грузінская, Сербская і часткова Польская праваслаўныя цэрквы.
Ці пяройдуць беларускія праваслаўныя на іншы каляндар? Васілевіч разважае: пытанне складанае, яго павінны вырашаць самі рэлігійныя супольнасці – і абгрунтаваць, чаму яны трымаюцца таго ці іншага календара.
У пачатку XX стагоддзя, кажа яна, на сусветным узроўні была даволі папулярнай ідэя пераходу на іншы каляндар, бо астранамічныя даследаванні і разуменне часу выйшлі на новы ўзровень. Была ідэя, што калісьці будзе прыняты ідэальны каляндар з ідэальнымі гадамі, соднямі і гадзінамі, бо нават грыгарыянскі каляндар хібны, не цалкам адпавядае астранамічнаму. Былі і меркаванні, што не варта пераходзіць з неідэальнага на неідэальны каляндар.
калядная зорка (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
калядная зорка (Фота: Таццяна Верамеева / Белсат)
«То, што праваслаўныя перайшлі на новы каляндар, гэта была такая паўмера, таму што яны вырашылі, што пакуль ідэальны каляндар не прыдуманы, давайце мы проста гэтую розніцу дзён, якая нарасла, пасунем, – тлумачыць Васілевіч. – Але калі мы возьмем Ерусалімскую царкву, там былі свае праблемы. Шмат святых месцаў і шмат хрысціянаў, якія прэтэндавалі на гэтыя святыя месцы. У іх была цэлая праграма, стагоддзямі распрацаваная, хто ў якую дату карыстаецца той ці іншай царквой: напрыклад, хто на Нараджэнне Хрыстова карыстаецца Віфліемскай царквой на месцы, дзе Хрыстос і нарадзіўся. Ім самім была выгадная разнесенасць календароў».
На перадавой рыхтуюцца святкаваць Раство. Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: konkurent.ua)

Перанос Раства: як украінцы ставяцца да зменаў у святочным календары

навіны
Пытанні да календароў застаюцца дагэтуль. Напрыклад, Вялікдзень – Пасху, уваскрэсенне Хрыста – цяпер і праваслаўныя, і каталікі адзначаюць не па юліянскім ці грыгарыянскім календары, а паводле месяцава-сонечнага календара ў першую нядзелю пасля веснавой поўні (пры тым даты часта не супадаюць у розных канфесіяў). Сярод хрысціянаў даўно ідуць размовы аб тым, каб выбраць нейкую прасцейшую схему
У Беларусі добра вядома, што трэба казаць на Вялікдзень: «Хрыстос уваскрос». І адказ вядомы: «Сапраўды ўваскрос». Але цяпер менш вядома, што падобныя вітанне і адказ ёсць на Раство: «Хрыстос нарадзіўся» – «Яго славім».
Праваслаўны святар, протаіерэй Георгій Рой сёлета віншаваў вернікаў з Раством два разы – ён перайшоў у Канстанцінопальскі патрыярхат, які жыве па грыгарыянскім календары, але жадаў і тым, хто святкуе па юліянскім, яднацца ў радасці ад прыходу Хрыста і імкнуцца да свету Божага, дабра і здзяйснення добрых справаў.
Ён расказаў «Белсату», што гэтая традыцыя стала забывацца ў савецкі атэістычны перыяд, бо так казаць было проста небяспечна. Цяпер ён бачыць аднаўленне гэтай традыцыі. Людзям, кажа святар, проста хочацца нейкага «спецыяльнага святочнага вітання» на Раство, а нічога выдумляць і не трэба, дастаткова вярнуць традыцыю, якая ўжо існавала.
Перад Калядамі, Вадохрышчам і Новым годам беларусы традыцыйна гатуюць куццю – традыцыйную кашу з ячменю. Посную або «галодную» (без мяса і жывёльнага тлушчу) гатуюць перад Калядамі і Вадохрышчам, а «багатую» або «шчодрую» перад Новым годам, на Шчодры вечар.
Святар Георгій Рой тлумачыць гэта так. Напярэдадні вялікіх святаў, як Раство і Вадохрышча, вызначаныя дні строгага посту. У старадаўнія часы ў такія дні проста нічога не елі «да першай зоркі» – пакуль не сцямнее. А потым мелі посную вячэру, на якой збіралася ўся сям’я, разам малілася. На гэтую вячэру гатавалі пэўныя стравы, галоўная з якіх куцця. Але найважнейшае ў гэтай традыцыі – не ежа, а з’яднанне: умацаванне сувязяў у сям’і і сям’і з Богам.
Беларусы на Каляды традыцыйна калядуюць – ладзяць касцюмаванае шэсце (адзін з галоўных персанажаў якога – каза) і пяюць калядныя песні, зычаць суседзям дабрабыту, а за гэта атрымліваюць розныя ласункі-падзякі. Як гэта звязана з нараджэннем Хрыста?
У хрысціянскіх святах, тлумачыць Георгій Рой, ёсць нямала паганскіх традыцыяў. Так, у старадаўнім Рыме ў канцы снежня былі сатурналіі – свята ў гонар бога земляробства Сатурнам. Калі прыйшло хрысціянства, то хрысціянскія пастыры і епіскапы не хацелі проста забараняць паганскія святы, а прапанавалі іншы, хрысціянскі сэнс святаў. Сатурналіі ператварыліся ў Каляды, прымеркаваныя да Раства і Вадохрышча.
У Беларусі на Каляды паганскія і хрысціянскія традыцыі спалучыліся так: на Раство людзі ходзяць і калядуюць, пяюць песні. І хоць песні славяць Раство, традыцыя ваджэння казы – адназначна паганская, якая замацавалася ў хрысціянстве.


,,

«Але для хрысціянаў на першым месцы радасць пра тое, што Бог прыйшоў у гэты свет, Бог злучыў сабой людскі род», – рэзюмуе Георгій Рой.


У шэрагу каталіцкіх краінаў, у ліку якіх Злучаныя Штаты, прынята казаць, што падарункі на Каляды прыносіць Санта-Клаус – персанаж на аснове рэальнага чалавека, святога Мікалая (якога шануюць і каталікі, і праваслаўныя). Праўда, у многіх краінах падарункі на Раство прыносяць іншыя персанажы: у Польшчы і ў каталікоў Беларусі – сам святы Мікалай (па-польску – Święty Mikołaj, не Santa Claus), у Літве і Латвіі – Калядны дзядуля (Ziemassvētku vecītis і Kalėdų Senelis), у Чэхіі – маленькі Ісусік (Ježíšek), у Фінляндыі – Ёльскі казёл (Joulupukki)…
Праваслаўныя ў Беларусі звычайна не кажуць, што падарункі на Раство прыносіць нейкі асаблівы персанаж – падарункі на Новы год прыносіць савецкі Дзед Мароз, таварыш 1937 года нараджэння. Але гэта зусім не значыць, што праваслаўныя ў Беларусі не мусяць дарыць блізкім нешта на Раство.
Алесь Наваборскі belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10