Медыі: стан здароўя Рамзана Кадырава не пакідае надзеі на выздараўленне


Незалежнае расейскае выданне «Новая газета. Еўропа» паведамляе, што кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў сур’ёзна хворы – у яго некроз падстраўнікавай залозы. Надзеі на выздараўленне няма.

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў.
Фота: Kadyrov_95 / Telegram

Як зазначаецца ў расследаванні выдання «Новая газета. Еўропа», з верасня 2023 года ў адміністрацыі прэзідэнта Расеі пачалі распрацоўваць сцэнар на выпадак вымушанай змены ўлады ў Чачэніі, бо стан здароўя 47-гадовага Рамзана Кадырава не пакідае спадзеву на паспяховае лячэнне. Цяпер Маскве трэба аператыўна вырашаць, як захаваць стабільнасць Чачэніі пасля ягонай смерці.

«Простага рашэння ў гэтай праблемы няма: ніводны з прысутных у публічным полі набліжаных «падышаха» не здольны стаць ягонай дакладнай копіяй і кіраваць рэгіёнам паводле кадыраўскай мадэлі. Другога Кадырава не будзе – гэта разумее і Масква, і найбліжэйшыя паплечнікі кіраўніка Чачэніі, і чальцы яго сямʼі, якія да крыві бʼюцца за кіроўныя пазіцыі ў рэспубліцы», – гаворыцца ў расследаванні.

Паводле звестак журналістаў, Кадыраву ўпершыню паставілі дыягназ «некроз падстраўнікавай залозы» ў студзені 2019 года. У тым годзе ён пачаў рэзка страчваць вагу, што ёсць першым сімптомам актыўнага развіцця панкрэанекрозу – вельмі сурʼёзнага захворвання з высокай ступенню смяротнасці. З 2019 года мінімум двойчы на год Кадыраў пачаў праходзіць рэгулярныя, у тым ліку і хірургічныя, працэдуры ў ЦКБ Упраўлення справамі прэзідэнта РФ.

Улетку 2020 года кіраўнік Чачэніі перахварэў на ковід і атрымаў у нагрузку да асноўнага захворвання сурʼёзныя праблемы з эндакрыннай сістэмай.

Як паведамляе «Новая газета. Еўропа», вясной 2022-га стан здароўя Кадырава стаў імкліва пагаршацца, а ў 2023 годзе гэта ўжо стала кідацца ў вочы.

«Нават самы няўважлівы назіральнік не мог не заўважыць, як у выніку адмовы нырак і застою вадкасці ў лёгкіх (наступствы асноўнага захворвання) Кадыраў павялічыўся ў памерах у паўтара раза», – адзначае выданне.

Летась у сеціве зʼявілася інфармацыя аб шпіталізацыі Кадырава ў стане комы.

Як зазначаецца ў расследаванні, у верасні 2023 года лекарам ЦКБ Упраўлення справамі прэзідэнта РФ удалося стабілізаваць стан пацыента і больш-менш вярнуць яму дзеяздольнасць. Аднак падчас правядзення агульнага абследавання ВІП-пацыента былі атрыманыя дадзеныя МРТ мозгу, вынікі якой прывялі блізкіх Кадырава ў прыгнечаны стан.

Крыніца журналістаў наступным чынам інтэрпрэтавала рэакцыю родных Кадырава на няўмольны дыягназ дактароў:

«Ранейшага лідара ўжо не будзе, [новая] хвароба будзе сурʼёзна [на яго] уплываць. Нават у тым выпадку, калі ён цяпер і ачуняе, ён будзе ўжо ні жывы, ні мёртвы…»

Паводле выдання, з верасня 2023 года ў адміністрацыі прэзідэнта Расеі пачалі распрацоўваць сцэнар на выпадак вымушанай змены ўлады ў Чачэніі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў