З-за паводкі ў Курганскай вобласці Расеі могуць быць затопленыя уранавыя радовішчы


Паводка ў Расеі стала сапраўдным бедствам гэтай вясной, пад ваду сыходзяць цэлыя гарады: у выніку прарыву дамбаў у Орску Арэнбургскай вобласці затопленымі сталі плошчы і вуліцы. У Курганскай вобласці ўзровень ракі Табол таксама б’е гістарычныя рэкорды. Але разам з затапленнем гарадскіх вуліц ёсць яшчэ адна небяспека, якую можа выклікаць паводка. Пра яе «Белсат» паразмаўляў з расейскім экаактывістам і палітыкам Аляксеем Шварцам.

Паводка ў горадзе Курган.
Фота: 45.ru

Аляксей Шварц лічыць, што небяспека, якую нясе паводка ў Кургане, заключаецца ў тым, што побач з ракой Табол ёсць уранавае радовішча пад назвай «Дабравольнае», якое знаходзіцца ў Звярынагалоўскім раёне.

«Яго небяспека менавіта ў тым, што яно [радовішча] знаходзіцца ў затапляльнай зоне ракі Табол, але «Далур», ураназдабыўчая даччыная кампанія «Расатаму», завярала, што яно ў бяспецы. І зараз гэта ўсё пад вадой. То бок распушчаны кіслатой уран трапіў у размытую раку Табол, якая выйшла з берагоў, і рушыў далей, то бок гэта прыйшло ў горад, а потым пойдзе ў Цюмень і далей», – кажа экаактывіст.

Здабыча урана ў Курганскай вобласці, лічыць Аляксей Шварц, небяспечная тым, што гэта распушчаны ў вадзе уран, а ў распушчаным выглядзе ён альфа-актыўны.

«Лічыльнікі Гейгера вам не будуць паказваць высокія перавышэнні: маўляў, проста не жыві каля свідравіны – і не будзеш апраменены. Але нашмат больш страшна тое, што гэтая альфа-часціца можа трапіць вам у арганізм. Не верыце мне? Можаце паглядзець і пераправерыць за мной дакументальны фільм самога «Расатама», дзе яны кажуць тое ж самае, што сапраўды ад альфа-часціцы можна адгарадзіцца, ейны прабег даволі маленькі, але калі яна трапіць на скуру ці ўнутр арганізма, то праблемаў будзе не пазбегнуць: гэта проста адразу шукай і чакай, дзе будзе анкалогія. Але зараз гэта ўсё проста плавае па рацэ працягласцю ў некалькі кіламетраў», – адзначае суразмоўца Белсат.

Улады ўмацоўваюць берагі ракі мяшкамі з пяском.
Фота: 45.ru

Экаактывіст кажа, што ён са сваёй камандай папярэджваў пра гэта яшчэ ў 2019 годзе, здымаючы на гэтую тэму відаэролікі. Цяпер, адзначае Шварц, гэта праблема не толькі горада Кургана, але яшчэ і некалькіх пакаленняў – сотняў тысяч чалавек на гады наперад.

«Курган і так стаў займаць першае месца па смяротнасці ад анкалогіі з моманту здабычы [урану]. Па смяротнасці ад анкалогіі першае месца, – падкрэслівае Шварц, – я спецыяльна гэта прагаворваю, не па захворвальнасці, менавіта па смяротнасці. І гэта ўсё менавіта з-за здабычы ўрана. А зараз гэта ўсё затапіла. Уран пад зямлёй не ізаляваны. Ён быў ізаляваны да таго, як да яго прабурылі тысячы свідравін, пасля ў якія залілі кіслату, каб растварыць пад зямлёй гэтае руднае цела. Яно не ляжыць там у пакуначку, які праткнулі трубачкай з-пад сока і высмоктваюць. Гэта знаходзіцца проста пад пяском. Раней гэта закрывалася павярхоўным слоем глебаў, гліны, але «Расатам» сам гэта ўсё пашкодзіў, і вада прасачылася».

На самай справе пра тое, што «Расатам» збіраецца выкарыстоўваць пры распрацоўцы новых радовішчаў урану небяспечныя тэхналогіі, эколагі пісалі ўжо шмат гадоў таму. Іхную занепакоенасць раздзялялі і навукоўцы. Выкарыстанне такіх тэхналогіяў (тэхналогіі вышчалочвання) магло забрудзіць раку Табол, якая з’яўляецца асноўнай крыніцай паступлення пітной вады для вялікай колькасці насельніцтва ў рэгіёне.

Адзін з раёнаў Кургана, затоплены вадой.
Фота: 45.ru

Алякся Шварца найбольш засмучае тое, што пра небяспеку здабычы урана ў «Дабравольным» казалася вельмі шмат, нават савецкія навукоўцы ў 1980-я гады рабілі пра гэта спецыяльнаке навуковае заключэнне, у якім адзначалася, што займацца здабычай урана ў гэтым месцы нельга з прычыны высокага напору грунтовых водаў і рызыкаў падтаплення. Але, адзначае суразмоўца, усё адбылося менавіта так, як было сказана навукоўцамі. Пра гэта ж казаў і сам Аляксей Шварц.

«Я фізік па адукацыі і аўтар грамадзянскай ініцыятывы супраць небяспечнай здабычы урану ў рэгіёне. Нават рэферэндум арганізоўваў, толькі адразу сеў, атрымаў гару крыміналак і вымушаны быў уцякаць з краіны… Зараз збыўся проста найгоршы сцэнар», – кажа Аляксей Шварц.

Нагадаем, што з пачатку красавіка ў некалькіх рэгіёнах Расеі пачалі сыходзіць пад ваду цэлыя гарады. Так, вечарам 5 красавіка ў Орску Арэнбургскай вобласці прарвала дамбу, якая была ўведзеная ў 2010 годзе. З-за рэзкага павелічэння ўзроўню вады свае дамы пакінулі звыш 2 тысячаў чалавек, у затаплення апынулася больш за 6600 дамоў.

У горадзе Курган з берагоў выйшла рака Табол. Станам на 18 красавіка ўзровень ракі перавысіў адзнаку 10 метраў, толькі за содні павялічыўшыся на 56 сантыметраў і ў выніку перавысіўшы гістарычны максімум на 6 сантыметраў. У горадзе затопленае ўзбярэжжа, улады спрабуюць умацоўваць дамбу ў адным з мікрараёнаў горада.

Паводкі назіраюцца ў Цюменскай і Самарскай абласцях. Так, у Цюменскай вобласці са сваіх дамоў эвакуявана больш за 2 тысячы жыхароў. Паводле прагнозаў уладаў, у зону падтаплення могуць патрапіць больш за 100 населеных пунктаў, у якіх жыве каля 17,5 тысячы чалавек.

Hавiны
У расейскім Орску прарвала другую дамбу і спынілі НПЗ. Эвакуацыя праходзіць і ў Арэнбургу
2024.04.07 11:33

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў