Іран не прызнае, што быў атакаваны Ізраілем


Афіцыйны Тэгеран вельмі стрымана адрэагаваў на паведамленні пра ізраільскі паветраны ўдар па тэрыторыі Ірану.

Агенцтва «Associated Press» канстатуе, што пакуль ніводны іранскі чыноўнік афіцыйна не прызнаў, што Ізраіль нанёс удар па тэрыторыі Ірану.

Раніцай былі чуваць выбухі каля вайсковай базы ў правінцыі Ісфахан. Пры гэтым іранскія дзяржаўныя медыі сцвярджаюць, што ўсе аб’екты ў гэтым раёне (у тым ліку ядравыя), не пацярпелі і застаюцца ў бяспецы. Сцвярджаецца, што выбухі былі выкліканыя працаю сістэмы паветранай абароны, якая знішчыла тры беспілотнікі.

«Некалькі беспілотнікаў былі паспяхова збітыя паветранай абаронай краіны, інфармацыі пра ракетны напад пакуль няма», – заявіў прадстаўнік Іранскага касмічнага агенцтва Гусэйн Далір’ян у сацсетцы X.

Паводле Reuters, высокапастаўлены іранскі чыноўнік паставіў пад сумнеў адказнасць Ізраілю.

«Замежная крыніца інцыдэнту не пацверджаная. Мы не атрымлівалі ніякай вонкавай атакі, і абмеркаванне больш схіляецца да пранікнення, чымся да атакі», – сказаў іранскі чыноўнік на ўмовах ананімнасці.

Іранскі аналітык у эфіры дзяржаўнага тэлебачання заявіў, што міні-дроны нібыта былі запушчаныя з тэрыторыі Ірану.

Заходнія медыі паведамляюць, што ўдар Ізраілю меў абмежаваны характар і ЗША ў гэтай аперацыі ўдзелу не бралі. Пакуль няясна, якую шкоду нанесла гэтая атака. Паводле The Washington Post, галоўнаю мэтай Ізраілю было даслаць Тэгерану сігнал, што Цагаль мае магчымасці наносіць удары па тэрыторыі Ірану.

Ізраіль не каментуе звестак пра паветраны ўдар па Іране.

Нагадаем: у ноч на 14 красавіка Іран запусціў па Ізраілі больш за 300 дронаў-камікадзэ і ракетаў. Ізраіль пры дапамозе саюзнікаў (ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Іярданія) здолеў адбіцца: 99 % запушчанага было знішчана ў паветры, загінулых няма. Асноўная маса беспілотнікаў і ракетаў была перахопленая самалётамі яшчэ да таго, як тыя дасягнулі ізраільскай паветранай прасторы.

Пасля іранскай атакі афіцыйныя асобы Ізраілю паабяцалі нанесці ўдар у адказ. Пры гэтым ЗША ды іншыя краіны Захаду адгаворвалі Ізраіль ад контрудару. Вашынгтон занепакоены тым, што ўдар па Іране можа прывесці да вялікай рэгіянальнай вайны з катастрафічнымі наступствамі.

Аналітыка
Блізкі Усход на «нязведанай тэрыторыі». Якім будзе адказ Ізраілю на напад Ірану?
2024.04.15 19:23

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў