Белстат: ВУП разганяецца, нягледзячы на крызіс у IT


У першым квартале ВУП вырас на 4,1 % год да года, падлічыў Белстат. У студзені – лютым было 4 %, такім чынам, паводле афіцыйнай статыстыкі, рост паскараецца. У мінусе застаецца толькі IT-галіна, якой некалі можна было ганарыцца.

Завод «Нафтан».
Фота: belchemoil.by

На гэты год улады запланавалі рост эканомікі на 3,8 %, і пакуль справы ідуць лепей, чым чакалася. У студзені – сакавіку ВУП павялічыўся на 4,1 % год да года (у студзені – лютым было 4 %).

Галоўным лакаматывам застаецца гандаль. Раздробнае тавараабарачэнне павялічылася на 13,1 %, гуртовае – на 5,8 %. Не адстае і грамадскае харчаванне: плюс 11,4 % у параўнанні з першым кварталам летась.

Павялічваюцца і выдаткі пакупнікоў: штодзённае раздробнае тавараабарачэнне склала 23,5 рубля (год таму было 20,1 рубля), калі падзяліць на кожнага беларуса.

Эканоміку штурхае таксама прамысловасць: апрацоўчая вырасла на 6,5 %, горназдабыўная – на 6,1 %.

Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорыяў, у тым ліку фермерскіх і асабовых, павялічылася на 6,8 %, асобна ў сельскагаспадарчых арганізацыях – на 7,2 %. Агулам сельская, лясная і рыбная гаспадарка вырасла ў першым квартале на 5,7 %.

Агляд
Беларусы глядзяць на будучыню эканомікі з аптымізмам, чаго не скажаш пра ўлады
2024.03.05 18:25

Неблагія вынікі паказаў транспарт. Пасажыраабарачэнне павялічылася на 8,3 %, а лік асобаў, якія скарысталіся паслугамі транспарту, – на 5,9 %.

Грузаабарачэнне вырасла на 3,1 %, і гэта можна лічыць вялікім поспехам: дасюль у апошні раз гэты паказнік за першы квартал года павялічваўся ў 2018 годзе ў параўнанні з 2017-м. Што праўда, да аб’ёмаў грузаперавозак, што былі тады, яшчэ расці і расці. Цяперашняе грузаабарачэнне – 17,6 млрд тонакіламетраў, а ў першым квартале 2018 года было амаль удвая большае: 33,7 млрд.

Беларуская эканоміка паскаралася б шпарчэй, калі б не стагнацыя ў IT-сектары, што трывае з 2020 года. У першым квартале галіна прасела на 4,2 % года да года. Хаця ў студзені – лютым было яшчэ горш: мінус 5,4 %.

Інфаграфіка
Дадатнае сальда вонкавага гандлю Беларусі скарацілася за год у пяць разоў
2024.04.16 08:16

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў