news
Гісторыі

«Праз 5 гадоў турмы змяняецца свядомасць». Як дапамагчы былым вязням вярнуцца да жыцця на волі?

«Складаных кейсаў будзе ўсё больш, бо людзі выходзяць пасля даўжэйшых тэрмінаў».
14.06.202406:10

Чым больш часу чалавек праводзіць у зняволенні, тым цяжэй яму вярнуцца да звыклага жыцця ў грамадстве. Часам ужо праз год былы вязень выходзіць у даволі кепскім стане, а праз пяць гадоў пазбаўлення волі ў псіхіцы адбываюцца змяненні. Каб дапамагчы такім людзям, група неабыякавых беларусаў стварыла ініцыятыву «Вольныя», якая ставіць сваёй мэтай падтрымку палітвязняў на шляху да вяртання ў жыццё на свабодзе. Пагутарылі пра праект з яго каардынатаркай, актывісткай Веранікай Станкевіч.

Вераніка Станкевіч.
Фота: асабісты архіў Веранікі Станкевіч

Былых палітвязняў – 1900, і лічба будзе расці

Ініцыятыва «Вольныя» нарадзілася ў снежні 2022 года, калі некалькі беларусаў аб’ядналіся ў групу на хакатоне ў рамках курсу па правах чалавека і вырашылі, што яны хацелі б дапамагаць палітвязням. Для праекту выбралі назву «Вольныя», бо ён быў створаны для людзей, якія прайшлі праз месцы зняволення (калонія, СІЗА, «хімія», у тым ліку, хатняя), і цяпер знаходзяцца на волі.

Адным з сябраў і натхняльнікаў праекту стаў былы палітвязень Зміцер Фурманаў.

«Менавіта ён падштурхнуў нас да ідэі, калі дзяліўся тым, як было цяжка наноў адаптавацца пасля вызвалення, – распавядае каардынатарка ініцыятывы Вераніка Станкевіч. – Тады мы зразумелі, як важна падтрымліваць тых, хто вызваліўся. На той момант іх было не вельмі шмат – каля 300 чалавек. Але мы бачылі тэрміны, якія даюць людзям, і разумелі, што ў 2023 – 2024 гадах колькасць тых, хто вызваліўся, будзе складаць ужо тысячы. На сённяшні дзень, паводле «Вясны», былых палітвязняў ужо 1900 чалавек. І гэтая лічба будзе расці».

Сёння шмат ініцыятываў, якія прапаноўваюць былым палітвязням медычную дапамогу, псіхалагічную, фінансавую ў пэўных памерах, зазначае наша суразмоўца.

«Аднак мы бачылі, што людзям патрэбнае не толькі гэта, але таксама падтрымка, разуменне, што можна зноў давяраць. А ў людзей, што вызваляюцца з турмаў, вельмі вялікія праблемы з даверам. Не давяраюць нават блізкім, баяцца распавядаць пра свае перажыванні. Праектаў, якія б з гэтым працавалі, не было. Таму мы і вырашылі зрабіць акцэнт менавіта на такой падтрымцы», – кажа Вераніка.

Ментары і падапечныя: як працуюць «Вольныя»

Сутнасць ініцыятывы «Вольныя» – персаналізаваная праца з кожным чалавекам і ягоным кейсам. За былым палітвязнем замацоўваецца ментар, які вядзе яго на шляху рэсацыялізацыі так доўга, як чалавеку гэта патрэбна. У кожнага ментара – толькі адзін падапечны.

Кандыдатам на ментараў не абавязкова мець псіхалагічную адукацыю ці блізкі род заняткаў (хоць прафесійныя псіхолагі сярод ментараў «Вольных» ёсць). Галоўнае – мець жаданне і быць гатовым дапамагаць. Кожны патэнцыйны ментар спачатку праходзіць навучанне.

«Гэта вельмі важна, бо чалавек павінен разумець, з кім будзе працаваць, які можа быць узровень уцягнутасці, як трымаць свае межы і не падаць у траўму разам з падапечным», – зазначае каардынатарка ініцыятывы.

Пасля навучання кандыдат праходзіць невялікі тэст і сумоўе з псіхолагам, які вызначае, ці можа гэты чалавек быць ментарам, ці не.

«Гэта важна, каб высветліць, наколькі чалавек сам устойлівы, і ці ўсведамляе ён, якую адказнасць на сябе бярэ. І ў нас былі выпадкі, калі псіхолаг па выніках сумоўя казаў, што чалавеку трэба спачатку паклапаціцца пра сябе, а потым прыходзіць дапамагаць іншым», – кажа Вераніка.

Пасля станоўчага водгуку псіхолага кандыдат становіцца ментарам і яму шукаюць падапечнага.

Каб стаць падапечным, трэба запоўніць заяўку на сайце, ці ў сацсетках ініцыятывы і таксама прайсці сумоўе з псіхолагам.

«Тут сумоўе патрэбнае, каб мы маглі вызначыць стан і канкрэтныя патрэбы падапечнага і падабраць для яго ментара. Мы ўлічваем вельмі шмат фактараў – пол, узрост, геаграфію знаходжання, зацікаўленасці і т.п. Такому «мэтчынгу» мы надаем шмат увагі, каб людзям камфортна і плённа працавалася адзін з адным», – тлумачыць актывістка.

З якімі запытамі можна звяртацца да «Вольных»?

Ментар працуе па запытах падапечнага. Напрыклад, дапамагае парадамі, як знайсці жытло, падказвае ініцыятыву, якая прадстаўляе медычную дапамогу, юрыстаў, якія пракансультуюць, як легалізавацца, суполкі, дзе можна камунікаваць, шукаць сяброў, сацыялізавацца, месцы для заняткаў спортам і т.п. Адметнасць ініцыятывы «Вольныя» у тым, што яна не цураецца працы з лакальнымі пытаннямі – дапамагае чалавеку шукаць побытавыя рэчы, вопратку, цацкі для дзяцей і т.п.

«Мы не адмаўляем у дапамозе, нават калі чалавеку патрэбная зусім дробязь, але ён не ведае, дзе яе знайсці, – зазначае Вераніка Станкевіч. – Адначасова ментар – гэта чалавек, які падтрымлівае, з якім можна паразмаўляць, распавесці пра тое, што на душы. Часам у такіх парах – ментар – падапечны – складваюцца сапраўдныя сяброўскія адносіны».

Усе ментары ініцыятывы «Вольныя» – валанцёры.

«Мы думалі, ці мусім аплочваць гэтую працу, і прыйшлі да ўсведамлення, што не можам плаціць чалавеку 2 – 3 тысячы еўраў і гэтым матываваць. А працаваць з такой тэмай можна ці з поўнай самааддачай, ці за вялікую колькасць грошай. Таму мы зрабілі стаўку на людзей з уласнай унутранай вялізнай патрэбай дапамагчы», – тлумачыць Вераніка.

Адначасова для ментараў ёсць бонусы ўнутры праекту – майстар-класы, онлайн- і офлайн-сустрэчы з іншымі ментарамі, групавыя сесіі з псіхолагам, невялікія падарункі, квіткі на канцэрты і т.п.

Ці працуе ініцыятывы з тымі, хто застаўся ў Беларусі?

У камандзе «Вольных» на дадзены момант каля 50 ментараў.

«У нас ёсць запас з ментараў, і мы вельмі гэтаму радыя, бо так падапечныя не будуць доўга чакаць, хоць у нас ёсць некалькі падапечных у лісце чакання. Агулам падапечных праз нас прайшло больш за 100 чалавек», – кажа Вераніка.

«Вольныя» працуюць з падапечнымі з любой краіны, у тым ліку з тымі, хто застаўся ў Беларусі. Аднак усе ментары знаходзяцца за мяжой.

«Гэта звязана з бяспекай, бо былыя палітвязні ў групе падвышанай рызыкі – у іх пастаянна правяраюць тэлефоны, да іх могуць прыйсці. І нават калі прапісаць самыя дакладныя пратаколы бяспекі, мы ніколі не зможам праверыць, ці чалавек іх прытрымліваецца. І мы разумеем, што калі забяруць былога палітвязня, то могуць забраць і ментара, бо недзе ў тэлефоне падапечнага могуць знайсці ягоныя кантакты, перапіскі», – тлумачыць прадстаўніца праекту.

Паводле Веранікі, чым менш чалавек правёў у зняволенні, тым прасцей яму вярнуцца ў звычайнае жыццё, аднак сітуацыі могуць быць рознымі. Часам і праз год выходзяць у вельмі кепскім стане, а праз тры – даволі бадзёрымі – залежыць ад чалавека і ад умоваў, у якія ён трапіў, зазначае наша суразмоўца:

«У псіхалогіі ёсць панятак інстытуцыялізацыі. Гэта датычыць не толькі турмаў, але і доўгага знаходжання ў шпіталі, напрыклад. І калі чалавек выходзіць з такога месца, ён не можа існаваць па-за сістэмай, у якой знаходзіўся. Колькі патрэбна часу, каб гэта адбылося, залежыць ад чалавека і ад таго, што яму даводзіцца перажыць».

«Магу ісці прама, і гэтае прама не сканчаецца»

У незалежнасці ад часу зняволення, кожнаму патрэбная медычная дапамога, абавязкова – чэкап, візіт да стаматолага, а таксама псіхалагічная падтрымка, перакананая Вераніка Станкевіч. Аднак, калі да лекараў вязні ўсё ж ідуць, з псіхолагам складаней.

«У нас шмат кейсаў, калі людзі, якія толькі выйшлі, адмаўляюцца ад псіхолагаў. Часам чалавек прыходзіць праз год, калі вырашае побытавыя пытанні, пачынае ўсведамляць, што жыццё ідзе далей, і тут яго накрывае», – зазначае дзяўчына.

Рэсацыялізацыя – гэта ў тым ліку навучанне наноў карыстацца тэхнікай, хадзіць у краму, рабіць тыя рэчы, якія звычайна робіць вольны чалавек, кажа Вераніка:

«Напрыклад, некаторыя людзі, якія доўга прабылі ў турме, забываюць, як карыстацца мабільным тэлефонам, пральнай ці пасудамыечнай машынай. Ведаю чалавека, які адсядзеў 2,5 гады. Калі ён выйшаў, яму далі ў рукі айфон, ён запісаў кружочак у тэлеграме, і быў у захапленні. Ці, напрыклад, Аляксандр Кныровіч у фільме «Сумленных людзей» пра ўмовы ў беларускіх турмах казаў, што калі выйшаў на волю і першы раз зайшоў у супермаркет, ён плакаў, таму што адвык ад таго, што можна ўзяць з паліцы прадукт, пайсці на касу і аплаціць. Бо ў турме такога няма – там на атаварцы ты паказваеш, што табе трэба, і гэта табе падае прадавец. Таксама чула, як людзей уражвае магчымасць хадзіць без абмежаванняў. На зоне ёсць плот, і калі ты шпацыруеш, то да пэўнай кропкі. І я чула, як людзі кажуць – файна, я магу ісці прама, і гэтае прама не сканчаецца. Мэта рэсацыялізацыі – паказаць чалавеку, што ён зноў у нармальным грамадстве, зноў нармальна жыве».

«Былым вязням патрэбны час, каб выдыхнуць»

Адной з самых значны праблемаў у зняволенні Вераніка называе страту чалавекам сваёй прафесійнай ідэнтычнасці. Часта пасля турмы чалавек не можа вярнуцца да працы, і пакуль што сістэмнай дапамогі з гэтым былым палітвязням няма, зазначае дзяўчына. Хоць паступова нейкія прапановы з’яўляюцца. Напрыклад, цяпер у BYSOL ёсць праграма перанавучання для палітвязняў.

«Вольныя» таксама абмяркоўваюць з партнёрамі, як наладзіць персаналізаваную дапамогу па пошуку працы і перакваліфікацыі, даць магчымасць карыстацца з паслугаў кар’ерных кансультантаў. Таксама валанцёры мараць аб супрацы з беларускімі бізнесамі і ўладкаванні былых палітзняволеных да іх.

Адначасова Вераніка не раіць тым, хто толькі што выйшаў з месцаў зняволення, адразу кідацца ў працу ці навучанне. Спачатку трэба ўзяць як мінімум тры месяцы на аднаўленне.

«Былым вязням патрэбны час, каб выдыхнуць. Але тут іншае пытанне – ці можам мы як грамадзянская супольнасць, забяспечыць ім гэтыя тры месяцы, каб яны не працавалі? – пытаецца Вераніка. – А большасць палітвязняў – гэта мужчыны, у якіх ёсць сем’і, якія трэба забяспечваць, і яны адчуваюць сваю віну, што і так 2 – 3 гады прапусцілі, і таму яны адразу кідаюцца ў працу, і гэта потым вылазіць у жахлівых псіхалагічных станах».

Ментары «Вольных» працуюць з падапечнымі, пакуль яны самі не скажуць, што суправаджэнне ім больш не патрэбнае. Напрыканцы праграмы ладзіцца «выпускны», у рамках якога падапечнага просяць запоўніць анкету і прайсці фінальнае сумоўе з псіхолагам, каб ацаніць прагрэс. У падапечнага застаецца кантакт менеджараў праграмы, і ён у любы момант можа вярнуцца ці звярнуцца з нейкім пытаннем.

«Часта сям’я не гатовая да сустрэчы з палітвязнем на волі»

Таксама ініцыятыва запрашае на кансультацыі і навучанне сваякоў палітвязняў.

«Каб разумець, як быць апорай і з чым вы маеце справу, – тлумачыць Вераніка. – Бо не ўсе разумеюць, як сябе паводзіць з траўмаванымі людзьмі. Часам блізкія наносяць яшчэ больш моцную траўму, хоць хочуць зрабіць добра. Таму мы заклікаем прыходзіць да нас, каб зразумець, як лепш узаемадзейнічаць з чалавекам пасля зняволення».

Вераніка раіць прыходзіць на такое навучанне яшчэ калі ваш блізкі чалавек знаходзіцца за кратамі, каб падрыхтавацца да сустрэчы з ім на волі.

«Мы замацоўваем ментара за сям’ёй, і ён дапамагае рыхтавацца да моманту сустрэчы. Бо часта сям’я чакае свайго мужа, тату, сына, маці, жонку, дачку з турмы, але насамрэч зусім не гатовая да сустрэчы з вязнем на волі. Напрыклад, чалавек выходзіць і хоча з’ехаць, а сваякі за гэты час нават сабе візы не зрабілі. І на палітвязня кладзецца адказнасць не толькі за сваю рэсацыялізацыю, але і за эміграцыю сям’і. І гэта вельмі складана. Таму мы ўсіх заклікаем рыхтавацца і прапісваць некалькі варыянтаў далейшага развіцця падзеяў, каб былы вязень мог выбіраць».

«Кейсы будуць станавіцца больш складанымі, і да гэтага трэба рыхтавацца»

Паводле Веранікі, за кратамі чалавек часта губляе здольнасць рабіць выбар і прымаць рашэнне, бо там гэта робяць за яго.

«Псіхолагі кажуць, што трэба пачынаць нават з ежы – пытацца: што ты хочаш сёння есці – гэта ці гэта? Прапаноўваць гатовыя варыянты, а не задаваць адкрытыя пытанні. Так паступова чалавек будзе наноў вучыцца выбіраць, і гэта таксама пра рэсацыялізацыю. На такіх дробязях гэта ўсё будуецца і не навешвае на чалавека лішнюю адказнасць», – кажа каардынатарка «Вольных».

Паводле Веранікі, на сённяшні дзень большасць беларусаў, якія прайшлі праз зняволенне, вяртаюцца да нармальнага жыцця. Аднак ёсць і складаныя выпадкі, і іх становіцца больш, бо людзі цяпер выходзяць пасля даўжэйшых тэрмінаў.

«І нам трэба рыхтавацца да больш крызісных кейсаў бо да нас цяпер прыходзяць людзі, якія выйшлі пасля 1,5 – 2 гадоў, а далей пойдуць людзі, якія адсядзелі 3, 4, 5 гадоў. А пасля 5 гадоў увогуле адбываецца змяненне свядомасці – гэта псіхалагічна даказана, што людзі ўжо не будуць ранейшымі. Таму кейсы дакладна будуць станавіцца больш складанымі, і да гэтага трэба рыхтавацца ўсім».

Звяртацца да ініцыятывы «Вольныя» можна праз сайт, Інстаграм, Тэлеграм, Фэйсбук – на ўсіх пляцоўках ёсць уся інфармацыя, а таксама формы заявак для ментараў і падапечных. Па спасылцы таксама распавядаецца, як стаць ментарам.

Ганна Ганчар belsat.eu