Звярыная жорсткасць: берасцейцу праламалі чэрап і распачалі супраць яго крымінальную справу


Марш за свабоду прайшоў у Берасці 20 верасня. Сілавікі брутальна затрымалі некалькі дзясяткаў удзельнікаў мірнага пратэсту, сярод іх – Іллю Сіліча.

«Мяне затрымалі, схапілі… Спачатку я ляжаў у нагах, мяне збівалі, – распавядае маладзён. – Калі амапаўцы вызваліліся ад людзей, якія намагаліся мяне адбіць, сталі крычаць, каб я галаву нахіліў уніз, завялі мяне ў бусік».

Іллю адвезлі ў Аддзел унутраных справаў Берасцейскага райвыканкаму. Пасля складання пратаколу хлопец трапіў у ізалятар часовага ўтрымання, там яму стала блага: яго ванітавала. І міліцыянты бачылі гэта.

«Мяне не хацелі адпускаць, але лекар або фельчар хуткай дапамогі паведаміў міліцыянтам, што ў мяне, напэўна, унутраны крывацёк, пералом рэбраў – і мяне забралі адтуль», – узгадвае Ілля.

Здымак з медычнай карты Іллі Сіліча
Здымак з медычнай карты Іллі Сіліча

Іллю шпіталізавалі ў Берасцейскую абласную больніцу. Там хлопец зрабіў фотаздымкі сваёй медычнай карткі, пабояў і высноваў дактароў:

«На здымку чэрапа бачна, што ў мяне зламаная косць твару».

У больніцы Іллю склалі доўгі спіс пашкоджанняў: удар мозгу, шматлікія пераломы касцей твару, пералом сківіцы, зламаная косць у аснове чэрапа, шматлікія гематомы, гематома вока. Цяпер маладзён вымушаны праходзіць доўгі курс лекавання: у шпіталі яму давядзецца правесці мінімум месяц. Ілля кажа, што ён не адзіны, хто пацярпеў 20 верасня на мірных акцыях пратэсту ў Берасці.

«Усіх, каго затрымалі разам са мною, збівалі ў бусіку, пасля ўсіх збівалі, калі прывезлі ў міліцыю. Са мною побач каля сцяны паставілі затрыманых, большасць – гэта мужчыны 40–50 гадоў. І амаль ва ўсіх былі акрываўленыя твары», – кажа Ілля.

Мaю прaвa
Мужчына пайшоў у краму – яго ледзь не застрэлілі
2020.09.18 20:05

У старшыні аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Упраўлення ўнутраных справаў Берасцейскага аблвыканкаму Наталлі Сахарчук мы запыталі, чаму сілавікі ўжывалі гвалт пратэстоўцам.

«Я не каментую працы сваіх прадстаўнікоў унутраных справаў – гэта раз. Па-другое, калі ў нашых паважаных, тых, як вы кажаце, каго збілі, ёсць пытанні, то, калі ласка, для гэтага трэба звярнуцца ў Следчы камітэт, які, у сваю чаргу, дасць ацэнку дзеянням прадстаўнікоў органаў унутраных справаў».

Аляксей Лойка з праваабарончага цэнтру «Вясна» лічыць, што пры разгоне акцыі ў Берасці сілавікі перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы. У такіх выпадках трэба абавязкова звяртацца ў праваабарончыя арганізацыі.

«Мы займаемся дакументаваннем ахвяраў, дакументаваннем жорсткага абыходжання і праводзім міжнародную адвакатыўную працу па ўсіх падобных выпадках», – падкрэсліў праваабаронец.

На момант рыхтавання сюжэту стала вядома, што супраць Іллі Сіліча распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 363 «Супраціў прадстаўніку органаў унутраных справаў».

Мaю прaвa
Былога міліцыянта забралі на Акрэсціна
2020.09.25 20:05

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Міліцыянты спрабуюць трапіць у кватэры грамадзянаў
  • Праваабаронец – пра абавязковыя складнікі ператрусаў
  • Будавала трохпакаёўку, атрымала аднушку

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.