Журналістка: Улады Беларусі адмяжоўваюцца ад «начных ваўкоў»


Увага, «ваўкі» у горадзе. Зрэшты, не сапраўдныя, а блазнаватыя. У Берасце прыехалі ўдзельнікі скандальнага прапуцінскага мотаклубу «Начныя ваўкі». Ужо традыцыйна напачатку траўня яны едуць з Масквы ў кірунку Берліну, у тым ліку праз нашую краіну. Пры гэтым, як выявілася, байкеры-прапагандысты «расейскага свету» памятаюць не толькі пра Перамогу 1945-га. Не інакш як злапамятнасцю можна патлумачыць сённяшні інцыдэнт каля расейскага генкансуляту ў Берасці. На сваю прэс-канферэнцыю, якая затым адбылася ў будынку, «Начныя ваўкі» не пусцілі журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», ды ўсяляк перашкаджалі ім рабіць здымкі. Менавіта ў каментары нашаму тэлеканалу яшчэ ў 2015-м годзе «ваўчыны» лідар Аляксандр «Хірург» Залдастанаў зганьбіўся сваймі бессэнсоўнымі выказваннямі кшталту «Вот это вот вот это затевают всё вот это».

«Можна сказаць, што гэтым разам улады (Беларусі) адмяжоўваюцца ад «начных ваўкоў». Не было і журналістаў дзяржаўных, і не было расейскіх прапагандыстаў, якія таксама звычайна цэлымі камандамі сваім транспартам едуць суправаджаюць гэтых «ваўкоў». Усё так больш-менш ціха адбылося і спакойна», – адзначыла Мілана Харытонава.

У «Гарачым каментары» – незалежная журналістка Мілана Харытонава.