«Я стаяў у брамцы і назіраў. Яны там размаўлялі, нейкія патрабаванні агучвалі, – распавядае Андрэй Карбалевіч. – Пасля я стаў каля плоту».
Пытанняў да нашага героя ў праваахоўнікаў не ўзнікла, таму Андрэй з двума знаёмцамі рушылі па хатах. На прыпынак пайшлі праз задні двор, а на шашы – разышліся… Калі Андрэй пераходзіў дарогу, то заўважыў, што міліцэйскае аўта пад’ехала да ягоных знаёмцаў. Ужо калі мужчына сядзеў на прыпынку ў чаканні аўтобуса, пачуў, што да яго нехта бяжыць.
«Хапае [міліцыянт] мяне за руку і рэзка торгае. Я заляцеў галавою сюды [канструктыўная частка будынку]. І затым яны спрабавалі заламаць мне рукі», – прыгадвае падзеі таго дня Андрэй.
На мужчыну надзелі кайданкі, пры затрыманні сцягнулі вопратку. Дамоў наш герой так і не трапіў: Андрэя Карбалевіча затрымалі за непадпарадкаванне, пакаралі арыштам ды аштрафавалі на дзве базавыя велічыні. Яшчэ падчас затрымання спадар Андрэй спрабаваў давесці міліцыянтам, што яны парушаюць ягоныя правы.
«Я спрабаваў у іх даведацца: за што, чаму? Але мне ніхто нічога не адказаў. Яны толькі ўсміхаліся і ўсё», – кажа Андрэй.
Алег Шабетнік, гаспадар дому, з якога выходзіла ў той дзень кампанія, распавёў здымачнай групе «Маю права», што на ягоным доме ўсталяваныя тры камеры відэаназірання. Ён прапанаваў нашым карэспандэнтам разам з Андрэем Карбалевічам зірнуць відэа таго дня.
«Тое, што напісана ў рапартах [міліцэйскіх], папросту кардынальна адрозніваецца [ад відэа]. Яны папросту сфабрыкавалі, нягледзячы на тое, што бачылі гэтыя камеры назірання», – сцвярджае Алег Шабетнік.
На відэазапісах бачныя несупадзенні з тым, што было напісана ў міліцэйскім рапарце.
«Ну вось самае цікавае, што міліцыянт Ларчанка, які не адыходзіў ад двара ні на секунду, ён напісаў, што ты [А. Карбалевіч] – на прыпынку, які знаходзіцца адсюль за паўкіламетра, што ты не падпарадкаваўся», – каментуе відэазапіс з камеры гаспадар дому.
Спадар Шабетнік таксама распавёў, што пасля затрымання Андрэя Карбалевіча ён запытаўся ў міліцыянтаў, за што таго затрымалі. Адзін з іх яму адказаў, што на прыпынку была жанчына, якую Карбалевіч абразіў. Але ж на прыпынку ў момант затрымання спадара Андрэя больш нікога не было.
Карэспандэнт «Маю права» намерыўся даведацца ў праваахоўнікаў пра падрабязнасці гэтае справы. Аднак у Рэчыцкім РАУСе нас накіравалі ў прэсавую службу ў Гомлі, адтуль – да начальніка Рэчыцкага раённага аддзелу Следчага камітэту Дзяніса Кузянька. Звязацца праз працоўны нумар са спадаром Кузяньком не ўдалося. Ягоныя калегі праз тэлефон апавялі, што ён не сядзіць на месцы, і параілі працягваць тэлефанаваць.
У дзень, калі нашая здымачная група прыехала ў Рэчыцу, Андрэй Карбалевіч атрымаў новае судовае рашэнне. Рэчыцкі суд адмяніў адміністратыўнае правапарушэнне, у якім абвінавачвалі героя нашай праграмы.
Валер Пуціцкі з праваабарончага цэнтру «Вясна» перакананы: у выпадках неправамоцных дзеянняў міліцыянтаў трэба адстойваць свае правы.
«Калі ты ўпэўнены, што не вінаваты, што ты ніякага злачынства не рабіў, то якраз ты [А. Карбалевіч] мусіў звярнуцца ў абласны суд, каб аспрэчыць вырак раённага суда, напісаць скаргу ў пракуратуру, у Следчы камітэт ты яшчэ напісаў. І тыя разабраліся, адмянілі рашэнне раённага суда. І зараз ты ўжо ўвогуле невінаваты».
Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.