«Жарт моманту»: Хатні алігатар ды іншыя жывёліны


Ёсць людзі, якія негатыўна ставяцца да фота, апавяданняў, казак ці сюжэтаў пра жывёлінаў. Адныя лічаць іх жартамі, другія – раздражняюцца з прычыны, іншыя – проста атрымліваюць ад іх задавальненне… Як бы там ні было, але такая тэма паспяхова сабе існуе, ды прыцягвае шмат увагі. Сёння я прапаную вам падняць настрой з дапамогай актуальных сюжэтаў на гэтую тэму.

Зіма, самы час для таго, каб пералічыць жыхароў заапарку, чым і займаюцца цяпер у Лондане. …Гэтым Пінгвінам, здаецца, спякотна тут. Ім бы куды-небудзь на паўднёвы полюс.

А тыгранятам – нармальна. Яны нарадзіліся ў Лондане. Але іхныя бацькі з Інданезіі, з Суматры.

«Узімку ў нас адбываецца пералік і падвядзенне вынікаў: якія жывёлы памерлі, хто нарадзіўся. Плануем абмены з іншымі заапаркамі, спрабуем палепшыць вальеры для нашых жыхароў», – кажа супрацоўнік заапарку Марк Хэбэн.

Вярблюду тут утульна… А сурыкатам весела… Такое ўражанне, што ім весела заўжды… Слімак, увогуле, не разумее, што ён у заапарку… а гэтага багамола клічуць Мэры.

У амерыканскім заапарку ў штаце Агайо жыве найстарэйшая гарыла ў свеце. Нядаўна ёй споўнілася 60. Гэта на 20 гадоў больш, чым звычайна жывуць гарылы ў няволі. Мянушка гарылы – Кола. Яна маці траіх, бабка 16-ці, прабабка 12-ці іншых гарылаў.

Кола жыве доўга, бо мае выдатную медычную дапамогу. Нядаўна ёй выдалілі пухліну. А на дзень народзінаў гарыле прынеслі шмат падарункаў.

Найстарэйшай у свеце пандзе толькі што споўнілася 37. Яна жыве ў адным з кітайскіх заапаркаў. Мянушка – Басі. Звычайна панды жывуць каля 20 гадоў. А гэтая ёсць, нават, у кніжцы рэкордаў Гінэса.

Узначальвае ж нашу падборку сюжэтаў пра жывёлу – Мэры Торн з Фларыды. Яна трымае алігатара ў хаце. –

«Ён нібы немаўля. Мой улюбёнец. Я ягоная мамка. Усе мае дзеці разʼехаліся. Цяпер у мяне толькі ён».

Мянушка рэптыліі – Рэмбо. Мэры адзявае яго як Санта Клаўса.

«Суседзі не любяць і баяцца майго алігатара. І добра. Ён небяспечны».

Цікава, што Рэмбо жыве ў Мэры ўжо цягам 11 гадоў.

Сяргей Філімонаў