У першы і апошні дні выставы Захара Кудзіна «Нейраструктуры» у Музеі Азгура можна будзе пабачыць, як на вуліцах Менска глядзелася б, напрыклад, гіганцкае каляровае воблака.
У Музеі Азгура побач з важнымі бюстамі павадыроў з’явіліся яскравыя пластычныя абстракцыі. У «Нейраструктурах», пятай па ліку персанальнай выставе, Захар Кудзін звяртаецца да гарадскіх уладаў з прапановаю, каб ягоная скульптура з’явілася на вуліцах Менску як альтэрнатыва традыцыйнымі помнікам.
«Я хацеў бы, каб сучаснага мастацтва было ў горадзе больш. У маіх скульптурах самае галоўнае – колер. Мне здаецца, што са з’яўленнем такой скульптуры проста весялей стала б жыць», – кажа Захар Кудзін.
Сваёй творчасцю Захар Кудзін аддае даніну нейраэстэтыцы – навуцы, якая даследуе, як мозг чалавека ўспрымае прыгажосць.
На Кудзіна моцна паўплывала амерыканскае сучаснае мастацтва: два гады ён нелегальна жыў у Нью-Ёрку, вандраваў аўтаспынам па Злучаных Штатах ды наведваў знакамітыя галерэі.
«На мяне моцна паўплываў кірунак абстрактны экспрэсіянізм. А ў гэтым мастацтве эмацыйная падкладка вельмі важная. Калі мы бачым скульптуру, мы адразу адчуваем нейкія пачуцці», – дадае мастак.
Як творы Захара выглядалі б на менскіх вуліцах – наведнікі ацэняць на вернісажы або фінісажы з дапамогай тэхналогіі віртуальнай рэальнасці. Адзеўшы адмысловыя акуляры, можна будзе пабачыць, як у гарадской прасторы глядзелася б, напрыклад, гіганцкае каляровае воблака.
Аляксандра Дорская; фота вокладкі – Ася Паплаўская/KYKY