Свет З прычыны тэрарыстычнай пагрозы ЗША можа ўскладніць працэдуру ўезду


Бязвізавы рэжым ЗША з краінамі Заходняй Еўропы можа ўяўляць большую тэрарыстычную небяспеку, чымся ўцекачы з Сірыі. Гэтак мяркуе група сенатараў з амерыканскага кангрэсу. У яе склад увайшлі не толькі рэспубліканцы, вядомыя ўзмацненнем антымігранцкае рыторыкі пасля парыжскіх падзеяў, але і шэраг дэмакратаў.ДАЕН ФАЙНСТАЙН, СЕНАТАРКА АД ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАРТЫІ:

«Гэта слабое месца нашай палітыкі бяспекі. Штогод 20 мільёнаў чалавек з 38-мі краінаў, у тым ліку з Францыі ды Бельгіі карыстаюцца бязвізавым рэжымам. Гэта азначыць, што тэрарысты могуць злоўжыць гэтаю магчымасцю, могуць паехаць з Францыі ў Сірыю, як 2000 баевікоў ужо зрабілі, вярнуцца ў Францыю ды скарыстацца бязвізавым рэжымам, без правяранняў трапіўшы ў Злучаныя Штаты».

Сенатары распрацоўваюць законапраект, што дазволіць зрабіць працэдуру ўезду ў ЗША з гэтых краінаў больш жорсткаю. Аднак і 10 тысячаў сірыйскіх уцекачоў ужо не трапяць у ЗША гэтак проста. Напярэдадні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі закон, паводле якога мігранты з Сірыі ды Іраку не змогуць прыехаць у краіну без адмысловага правярання службы бяспекі.КЕВІН МАККАРЦІ, ЛІДАР РЭСПУБЛІКАНСКАЙ ФРАКЦЫІ Ў ПАЛАЦЕ ПРАДСТАЎНІКОЎ:

«Амерыка не кажа «не» ўцекачам. Гэты законапраект усяго толькі ставіць праграму на паўзу да моманту, пакуль мы не ўпэўнімся, што ніхто не стварае пагрозы для амерыканскага народу».

Пры гэтым ініцыятыва прайшла, нават нягледзячы на намер Оўбамы накласці на яе вета. У Белым доме ўпэўненыя, што закон створыць дадатковыя перашкоды ў спробе ЗША дапамагчы безабаронным людзям.Праблема памежнага кантролю – у авангардзе палітычных размоваў і самой Еўропы. Цяпер нават ідэя Еўразвязу як свабоднай для перамяшчэння зоны – пад пагрозаю. Нідэрланды, Нямеччына, Аўстрыя, Бельгія і Люксембург абмяркоўваюць ініцыятыву стварыць гэтак званы «міні-Шэнген» у межах гэтых краінаў. Міні-Шэнген пакуль застаецца на ўзроўні ідэі, але пра ўзмацненне еўрапейскіх межаў – як вонкавых, гэтак і ўнутраных – ужо сёння ў Бруселі размаўлялі міністры ўнутраных справаў Еўразвязу.БЭРНАР КАЗЭНЁЎ, МІНІСТР УНУТРАНЫХ СПРАВАЎ ФРАНЦЫІ:

«Гэтак кантроль унутры Еўрапейскага звязу, таму што тэрарысты перамяшчаюцца ў самым сэрцы Еўропы, і вельмі важна пільна праверыць Шэнгенскую Інфармацыйную сістэму, таму што гэтая база дадзеных – адзіны шанец, каб прасачыць і нейтралізаваць тэрарыстаў».

Аднак не толькі бяспека ды адказныя захады дому, але і наступленне на тэрарызм у тыле. Злучаныя Штаты запэўніваюць, што рана ці позна «Ісламская дзяржава» спыніць існаванне.ДЖОН КЕРЫ, ДЗЯРЖАЎНЫ САКРАТАР ЗША:

«Мы пачалі змагацца супраць «Аль-Каіды» ў 2001-м годзе, і прайшло колькі часу, перш чым мы здолелі знішчыць Усама бін Ладна. Мы спадзяемся скончыць з »Ісламскаю дзяржаваю« значна хутчэй і думаем, у нас ёсць усе магчымасці для гэтага».

Бамбаваць пазіцыі радыкальных ісламістаў у Сірыі, акрамя ЗША, працягваюць паветраныя сілы Вялікай Брытаніі, Расеі, Францыі. Пытанне, ці напружанне і ўзмацненне антытэрарыстычных захадаў урэшце прывядзе да наземнай аперацыі?ТР Белсат

Каментары