Хакеісты «Юнацтва» набралі ў беларускай Экстралізе выдатны ход: шэсць пераможных матчаў запар, у якіх закінута 27 і прапушчана толькі 3 шайбы. Але адна справа – гуляць супраць айчынных клубаў, а зусім іншая – супраць лідара чэмпіянату Нямеччыны.
Мюнхенскі «Рэд Бул» у мінулым сезоне дайшоў да фіналу хакейнай Лігі чэмпіёнаў. І ў цяперашнім розыгрышы лічыцца адным з фаварытаў. Цягам стартавых хвілінаў госці мелі каласальную перавагу, але закінуць так і не здолелі.
Патрык Хагер, нападнік ХК «Рэд Бул» (Мюнхен):
«На гэткім узроўні недастаткова добра гуляць дзесяць хвілінаў, а потым спаць цягам наступных дзесяці хвілін. Тут трэба быць гатовым на ўвесь матч. Усе каманды ў плэй-оф вельмі добрыя, адной левай іх не пераможаш».
І сапраўды, пасля няўпэўненага пачатку «Юнацтва» расквітнела. Гаспадары лёду да першага перапынку закінулі тройчы. Праўда, трэці гол суддзі скасавалі.
Аляксандр Макрыцкі, галоўны трэнер ХК «Юнацтва»:
«Мне патлумачылі, сказалі, што быў дотык да брамніка. Які, нібыта, на нешта паўплываў».
Заўзятараў незалічаная шайба таксама засмуціла, але агулам першы перыяд у выкананні «Юнацтва» ім спадабаўся:
«Добра згулялі на контратаках. Вельмі крыўдна, што не залічылі трэцюю шайбу. Хлопцы гуляюць няблага, малайчына Брыкун. Пару разоў выратаваў каманду».
«Кідаць можна шмат і не забіваць. А можна кінуць двойчы і закінуць. Шкада, што трэці не залічылі».
«Нашыя выстаялі ў меншасці «пяць на тры». Пераламілі ход падзеяў. І ўсё – Мюнхен не ведае, што рабіць. Не ведаю, ці то піва на іх падзейнічала іхнае баварскае, ці яшчэ нешта…»
На жаль, у наступных перыядах «Юнацтва» выглядала ўжо не так упэўнена. Закінуць у нямецкую браму больш не атрымалася. А вось прапусціць у сваю давялося ажно тры разы. «Рэд Бул» здзейсніў камбэк і можа адчуваць сябе досыць упэўнена перад гульнёй у адказ.
Аляксандр Макрыцкі, галоўны трэнер ХК «Юнацтва»:
«Сённяшні матч пойдзе на карысць усім нашым гульцам. Асабліва тым, якія не мелі міжнароднага досведу. Недахоп гэтага міжнароднага досведу сёння каштаваў нам перамогі».
Варта адзначыць, што матч «Юнацтва» адбываўся паралельна з двубоем «Дынама» у межах КХЛ на «Менск-Арэне». Але зніжэнню наведвальнасці ў Чыжоўцы гэты факт не паспрыяў. Заўзятары ХК «Юнацтва»:
«А цяпер гуляе «Дынама»? Не, я думаю, для нашай каманды «Дынама» не перашкода. Спадзяюся на іхны вочны двубой, і што «Юнацтва» давядзе сваю моц».
«Мы з сынам ні разу не пашкадавалі, што мы цяпер не на «Менск-Арэне», а тут, на «Чыжоўцы».
«Хто тут, і хто там – гэта не параўнаць. «Юнацтва» – гэта душа, а «Дынама» – гэта грошы, фінансы…паказуха».
Матч у адказ «Юнацтва» і «Рэд Бул» правядуць у Мюнхене 20 лістапада. Ён і вырашыць, хто рушыць у чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў.
Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu