Юбілеі: Шакіра, Вера Лін, Элтан Джон


З аднаго боку – сёння на двары ў нас Валянцінкі! І варта было б павіншаваць усіх каханкаў. Віншую! З іншага боку, у нас цэлы шэраг юбіляраў. Неўзабаве Элтану Джону стукне 70! Але гэта яшчэ што – славутай спявачцы Веры Лін будзе 100! У параўнанні якая-небудзь Шакіра з ейным 40-годдзем выглядае на малое дзяўчо! Зараз распавяду аб тым, што гэтыя юбіляры цяпер робяць.

Шакіра Ізабэль Мейбарак Рыпол, здаецца, самая папулярная цяпер у свеце лацінаамерыканская спявачка. Яна выйшла на глабальны ўзровень напачатак 2000-х і мы рыхтавалі пра яе сюжэты яшчэ ў эфіры першага канала БТ. З тых часоў уцякло шмат вады…

Імя Шакіра на арабскай мове значыць «удзячная», а на мове хіндзі «багіня свята». Вядома, што IQ Шакіры 140. Магчыма, што яна найразумнейшая поп-спявачка ў свеце.

Канал Шакіры на Youtube мае 11,6 мільёнаў падпісчыкаў, заробкі канала за час існавання склалі 4,5 мільёны долараў.

Напачатак 10-х гадоў яна кінула адваката, з якім жыла, ды пабралася грамадскім шлюбам з іспанскім футбалістам Жэрарам Піке, якому цяпер усяго 30. Ён на 10 гадоў маладзейшы.

«Тут, на ўзнагародах Білборд, мы ўпершыню разам на чырвоным дыване. І на сцэне я буду танчыць для яго – для бацькі майго дзіцяці. Мы не бачыліся цягам цэлага месяца», – кажа Шакіра.

У 2013-м і 2015-м Шакіра нарадзіла дваіх сыноў ейнаму футбалісту… Новых запісаў ад спявачкі пакуль няма. Яна гадуе дзяцей.

Вера Лін

Неўзабаве бабульцы Веры Лін споўніцца 100. Лэйбл «Дэкка» падрыхтаваў складанку найлепшых спеваў Веры да гэтай даты… У часы другой сусветнай вайны яна была вельмі папулярнай. Спявала і працавала вядоўцай музычных праграм для вайскоўцаў на BBC.

«Старыя людзі. Яшчэ памятаюць тыя часы, калі мы змагаліся з нацы. І я цешуся, што мае спевы натхнялі брытанскіх салдатаў», – кажа Вера Лін.

Восем гадоў таму Вера ў 92 зрабілася самай старой спявачкай, чый альбом узначаліў брытанскія чарты продажаў. У новую кружэлку бабулі трапілі ейныя найлепшыя хіты з новымі аркестроўкамі.

Элтан Джон

Неўзабаве, 25-га сакавіка дзеду стукне 70. Толькі што Элтан абʼявіў, што складае мюзікл паводле сюжэту фільма з назвай «Дʼябал абірае Прада».

Найноўшы альбом музыканта выйшаў у свет у 2016-м і быў досыць паспяховым, трапіўшы ў топ-10 продажаў шэрага краін.

Цікава, што Элтан не збіраецца спыняцца і плануе выхад новага студыйнага альбома на 2018 год.

Сяргей Філімонаў