Гарачы каментар Ярашук: Дапамогу па беспрацоўі ўрад не павысіць, бо хоча стварыць суперкамбайн


Можна не плаціць! Балазе плаціць – няма чым. Аляксандр Лукашэнка адтэрмінаваў вяртанне бюджэтных запазычанасцяў холдынгу «Гомсяльмаш». Акрамя гэткай «перадышкі» да канца 2020-га года «Гомсяльмаш» атрымаў і растэрміноўку на выплаты ажно да пачатку 2030-га года. Яно і зразумела, ад холдынгу Лукашэнка чакае ўжо найбліжэйшым часам стварэння… суперкамбайна. А таму і палёгку «Гомсяльмашу» можна даць, каб не загнуўся, не паспеўшы апраўдаць высокага даверу. Сітуацыю каментуе Аляксандр Ярашук з Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

«Літаральна пазаўчора адбылося чарговае паседжанне Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаннях, я сябра гэтай рады. У ёй бяруць 11 асобаў ад ураду на чале з віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам, 11 асобаў з боку аб’яднання наймальнікаў і 11 асобаў з прафсаюзаў. Была вельмі няпростая размова з вострымі пытаннямі, і было ў чарговы раз абвешчана: не чакайце ніякага падвышэння дапамогі па беспрацоўі. Яна ў нас складае здзеклівыя $ 12. Калі шукаць карані, чаму не будзе гэтага падвышэння, вось і адказ на паверхні: таму што ў нас ёсць «Гомсельмаш» і намер стварыць суперкамбайн і супертрактар», – заявіў Аляксандр Ярашук.

Каментары