Як украінцы вучылі беларусаў рабіць пончыкі


Ідылія: матушка прадае пончыкі, а бацюшка піша пра іх вершы. Глядзіце праграму «Вяскоўцы», аўтары якой правялі канікулы на ўкраінска-беларускай мяжы.

Праграма «Вяскоўцы» вяртаецца з канікулаў і распачынае новы сезон, выходзячы на міжнародны ўзровень. Вядоўца Віктар Шукеловіч рыхтуе шэраг сюрпрызаў ды займальныя гісторыі пра жыццё вяскоўцаў за мяжою – у суседніх з Беларуссю краінах.

Ужо ў першым выданні сезону Віктар распавядзе пра свой побыт ва Украіне ды пра тое, як кулінарная прыдумка мясцовай гаспадыні стала «візітоўкай» цэлай ваколіцы. Пра пончыкі, якія сталі сімвалам украінскіх вёсак на ўзбярэжжы возера Свіцязь, складаюць вершы, ды нават плануюць пабудаваць ім помнік. З якімі начынкамі робяць пончыкі ў валынскіх вёсках ды як правільна месяць цеста – даведваўся нястомны Віктар Шукеловіч.

У праграме вядоўца высвятляў, якім бачыць свой лёс ды сваю радзіму ў будучыні маладзён Андрэй, які яшчэ ходзіць у школу, але падпрацоўвае на вакацыях і захапляецца рэпам. Таксама Віктар пазнаёміўся з маладым праваслаўным святаром, айцом Леанідам, ды ягонай жонкай, матушкай Вікторыяй, якая займаецца выпечкай пончыкаў.

Вядоўца сам паспрабаваў акунуцца ў мясцовае жыццё ды прадаваць пончыкі турыстам. Гэтак ён пазнаёміўся з сям’ёю з Данбасу, якая мусіла пакінуць родны горад, ратуючыся ад ваеннай навалы. Ці ўдалося ім прывыкнуць на новым месцы і ці спадзяюцца яны некалі вярнуцца на радзіму?

Віктар даследаваў, хто такія «панчавозы» ды «маршруткі» ды ў чым заключаецца спецыфіка іхнай працы. Вядома, не абышлося ў выданні без традыцыйнага застолля і ўкраінскай песні.

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы. І сачыце за намі ў Facebook.