Карэспандэнты «Маю права» накіраваліся ў Воршу, каб разам з камандаю «Хрушы супраць» рушыць іхным чарговым рэйдам у праблемныя месцы.
Валанцёры наведалі аўтабазу, дзе, паводле іхных звестак, у кепскіх умовах утрымліваюць сабак. Шмат каму не да спадобы дзейнасць аршанскіх відэаблогераў, але яны не шукаюць любові – яны працуюць на карысць грамадзянаў.
Дзейнасць валанцёрскага руху «Хрушы супраць» пачалася сем гадоў таму ў Маскве. Перадусім актывісты меліся выяўляць няякасныя прадукты ў крамах. Беларуская каманда налічвае 16 валанцёраў з Воршы, Віцебску, Магілёве і Барысаве.
Глядзіце сюжэт ад 16:15 хвіліны.
Абедзве нашыя гераіні з Магілёву і абедзве – Алены. Алена Кісель, цяпер ужо былая студэнтка ўніверсітэту імя А. Куляшова, павінна была праз колькі месяцаў атрымаць дыплом выхавальніцы.
Пасля актыўнага ўдзелу ў першай у ейным жыцці акцыі пратэсту – Маршы недармаедаў – дзяўчыну выключылі з ВНУ. Алена Крэнь – шматдзетная маці, намерылася разам з мужам пайсці на Марш пасля гвалтоўнага затрымання гомельскага блогера Максіма Філіповіча. Жанчыну забралі адразу пасля акцыі. За актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве суд пакараў маці чацвярых дзяцей штрафам дзвесце трыццаць рублёў.
Студэнцтва – бадай самы вясёлы і запамінальны перыяд у жыцці кожнага чалавека. Таксама гэта час поўнага станаўлення асобы. Мы запыталіся ў жыхароў сталіцы, якую ролю студэнцтва мусіць адыгрываць у жыцці грамадства і ці варта адлічаць маладзёнаў за іхную актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Апошнім часам жыхары вёскі Дамавіцк Чэрвеньскага раёну наракаюць на пагаршэнне ўмоваў жыцця. І прычыны гэтага бачаць у дзейнасці прадпрыемства «СлавСтройЦвет».
Кампанія братоў Чарнагаловых сярод іншага займаецца і вытворчасцю кармавога бялку, для сінтэзу якога выкарыстоўваюць харчовыя адкіды. Ад пратэрмінаваных прадуктаў сапраўды ідзе смурод. Вадзім Чарнагаловы, адзін з уласнікаў ТАА «СлавСтройЦвет», запэўнівае мясцовых жыхароў, што вытворчасць цалкам бяспечная, але развязаць канфлікт пакуль не атрымліваецца. Вяскоўцы традыцыйна недаверліва ставяцца да ўсяго новага. Магчыма, паразуменню паспрыяе розгалас у медыях.
Сёлета ўзімку мы распавядалі, як жыхары вуліцаў Пралетарская і Няжнова, а таксама завулку Першамайскі ў Мазыры выступалі супраць будаўніцтва ў іхным двары шматкватэрнага дому.
Вуліцы, дзе мусіла адбыцца ўшчыльненне, пралягаюць у Пралетарскім раёне, – адным з самых прамыслова насычаных мікрараёнаў гораду. Сваю дапамогу тады прапанавалі юрысты. Разам з імі актыўныя жыхары пачалі пісаць лісты ў розныя інстанцыі: ад Мазырскага райвыканкаму да Генеральнае пракуратуры. І нарэшце будаўніцтва спынілі. Жыхары некалькіх дамоў талакою аднаўлялі пляцоўку пасля ўмяшання будаўнікоў.