Як абараняюць Курапаты? Цітушкі з каламі ды абураныя мясцовыя жыхары


Што пасееш, тое і пажнеш, – адзначыў сёння Зміцер Дашкевіч падчас сходу мясцовых жыхароў па адрасе Мірашнічэнкі 53, што на поўначы Менску.

Менавіта там чацвёрты дзень адбываецца грамадская абарона ўчастку ахоўнай зоны вакол народнага мемарыялу «Курапаты» ад забудовы.

«Калі ў двухмільённым Менску ёсць 10-20 патрыётаў, якія лічыць, што гэтую будоўлю трэба спыніць, то мы гэта зробім», – распавёў у праграме «Гарачы каментар» грамадскі актывіст і адзін з лідараў «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч.

Як і ў жахлівым 1937-м гэтую ноч з серады на чацвер у Курапатах сеялі боль і кроў.

Нагадаем, што ў ноч на 23 лютага паўтара дзясятка ўмоўна невядомых злачынцаў, узброеныя вострымі кіямі, накінуліся на актывістаў, якія працягвалі несці вахту каля будаўнічай пляцоўкі. Выкрыкваючы расісцкія лозунгі, нападнікі раскідалі намёт пратэстоўцаў, сарвалі бел-чырвона-белыя сцягі.

Пацярпелі некалькі абаронцаў Курапатаў, у прыватнасці нашаму калегу журналісту Алесю Кіркевічу злачынцы разбілі галаву. Пры гэтым міліцыянты, якія пільнавалі літаральна кожны рух пратэстоўцаў, за пару гадзін да нападу зʼехалі з будпляцоўкі.

Больш падрабязна ў відэаматэрыяле!