Суб'ектыў Вышыванкі для Віктара Лукашэнкі. NEXTA на Белсаце


Навошта Віктару Лукашэнку ажно чатыры вышыванкі ды іншыя падзеі тыдня – шпілі Солсбэры, гусака ў кватэры менчука і найлепшыя падарункі з Беларусі – абмяркоўваюць Сцяпан Святлоў (ён жа – NEXTA) і Сяргей Падсасонны.

Не надаілі

Улады краіны, нягледзячы на 24-гадовы досвед, гэтак і не здолелі надаіць з беларусаў грошай на помнік карове каля менскага Камароўскага рынку. Суму 130 тысячаў долараў збіраюць ужо тры гады. Магчыма, справа пайшла б куды шпарчэй, калі б у разасланых па ўсёй краіне цыркулярах было пазначанае імя канкрэтнай каровы, якой улады хочуць паставіць помнік. Скажам, Мілка – менавіта гэтак завуць карову, якую ў Драздах доіць Аляксандр Лукашэнка. Зрэшты, не факт, што імя дапамагло б. Вось, як прыклад, няма ж у Беларусі помніку Васілю Быкаву, нягледзячы на тое, што, як прызнаваўся сам Лукашэнка, ён вырас на вершах выбітнага беларускага празаіка.

На ўсялякі пажарны

Між тым калі замест вялікіх беларусаў у краіне знаходзяць грошы на помнікі то агурку, то дэсантніку, то свінні, дык, напэўна, наскрэблі б у бюджэце, не пытаючыся ў грамадзянаў, і на карову. Але ж, як вядома, дзіравы бюджэт бяздонны быць не можа.

Яшчэ ў ліпені на «Славянскім базары» ў Віцебску старэйшы сын кіраўніка дзяржавы Віктар Лукашэнка набыў ажно чатыры вышыванкі. Уласнік крамы, які распавёў пра выпадак толькі на гэтым тыдні, цвердзіць, што прыглядаўся незвычайны пакупнік і да вокладак з «Пагоняй», але чамусьці іх не набыў.

Можа, грошай не хапіла. А, можа, палічыў, што, каб схавацца ў натоўпе ў шчаслівы для беларусаў момант, дастаткова і вышыванкі.

Бяжы, Даша (Саша), бяжы!

Зрэшты, можна было ашчадзіць і на вышыванках. Як вучыць галоўнае правіла баявых адзінаборстваў: найлепшы паядынак той, якога ўдалося пазбегнуць. Вось што, а бегаць сямейства Лукашэнкаў умее добра. На выходных каманда Нацыянальнага алімпійскага камітэту перамагла ў забегу на роліках у межах святкавання ў Менску Дня гораду. Па шчаслівым для каманды збегу акалічнасцяў, за яе выступалі адразу два Лукашэнкі – малодшы і старэйшы. Старэйшы – гэта той, які, як сам пахваліўся, вучыў бегаць чатырохразовую алімпійскую чэмпіёнку па біятлоне Дар’ю Домрачаву, калі тая была маленькая. Штопраўда, дзяцінства будучая чэмпіёнка пражыла ў суседняй Расеі, а ў Беларусь вярнулася толькі ў 17 гадоў.

Беларускія акадэмікі зашмат глядзяць тэлевізар

Паводле апошніх даследаванняў, толькі 43 % беларускай моладзі глядзіць навіны праз тэлевізар. Агулам сярэдні беларус траціць на прагляд тэлепраграм каля 45 дзён на год. Пра тое, што глядзяць у Акадэміі навук Беларусі – найноўшым выданні «Суб’ектыву».

Глядзі таксама
Каментары