Вольскі: «Няма радасці ад дазволу»


Лявон Вольскі даў рэдкі сольны канцэрт у Менску, першы ў гэтым годзе. Нягледзячы на рызыку забароны, квіткі на імпрэзу былі раскупленыя імгненна.

«Мроя», «N.R.M.», «Народны Альбом», «Крамбамбуля» і новая сольная праца «Псіхасаматыка» – хоць па песеньцы, па дзве ад кожнага свайго гурта і праекту, але Вольскі здолеў зрабіць акустычны сэт максімальна змястоўным.

Прыемныя эмоцыі ад сустрэчы са слухачамі ў спевака ёсць, а вось радасці ад таго, што яе дазволілі ідэолагі, – аніякай: «Як ні дзіўна, няма ніякай радасці. Бо як не дазвалялі, было яшчэ больш эфектна, было яшчэ цікавей – хадзіць па горадзе з гітарай, мікрафонам і комбікам. І выпадкова зазіраць у розныя бары, рэстарацыі… Я наагул не разумею, што там адбываецца, шчыра кажучы: хтосьці едзе з турам па лядовых палацах, па арэнах, хтосьці можа выступаць толькі ў маленечкіх залах. І я не разумею крытэрыяў выдачы гэтых «гастролек», у іх там, «разброд і шатанія», як той казаў. Альбо яны не разумеюць, што адзін робіць, што іншы. Не хачу ў гэтым разбірацца. Калі будзе мажлівасць – будзем граць», – запэўнівае музыка.

А заспявае і сыграе Вольскі ў Менску ў лютым як мінімум тройчы – разам з Алесем-Францішкам Мышкевічам ён прэзентуе акустычна «Псіхасаматыку», 16 лютага падтрымае «Спеўны сход», а 24-га выйдзе на сцэну «Прайм Голу» ў складзе «Народнага альбому».

Марыя Арцыбашава, Сяргей Будкін, Ірына Дарафейчук

Іншыя тэмы:

  • Нумар альманаху «pARTisan», прысвечаны калгасам, прэзентавалі ў прасторы «ЦЭХ».
  • Святлана Акружная адзначыла 70-годдзе творчаю вечарынаю «Сцэна – тэрыторыя любові».