Волчак: Міліцэйскі гвалт можа прывесці да Майдану, дзе будуць стаяць супраць беззаконня


Праваабаронца і былы следчы пракаментаваў апошнія гучныя скандалы з удзелам міліцыянтаў.

«Белсат» перыядычна звяртаецца да тэмаў незаконнага ўшчыльнення жылых кварталаў, а таксама да тэмы бруду міліцэйскіх мундураў і пагонаў. У Менску набірае маштабу канфлікт, які сумяшчае ў сабе абедзве гэтыя тэмы. Жыхары аднаго са сталічных раёнаў пратэстуюць супраць намераў пабудаваць побач з імі новы будынак міліцыі і аўтаінспекцыі. Планы чыноўнікаў традыцыйна суправаджаюцца наплявальніцкім стаўленнем да меркавання абураных грамадзянаў.

Скандал аніяк не выпраўляе іміджу айчынных праваахоўнікаў, які і без таго ніжэйшы за плінтус. У Інтэрнэце распачаўся збор подпісаў за навядзенне парадку ў органах унутраных справаў краіны, працаўнікі якіх фактычна штотыдзень становяцца фігурантамі гучных справаў аб збіцці, фізічным і псіхічным гвалце і нават смерці грамадзянаў. Больш за тры тысячы чалавек на дадзены момант падпісаліся і пад патрабаваннем да міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча сысці ў адстаўку, калі ён не кантралюе сітуацыі ўва ўласным ведамстве. У «Гарачым каментары» – былы следчы, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Ігар Волчак.

«Сёння міліцыя не працуе на абарону правоў грамадзянаў і грамадства. Сёння яна наўпростава абараняе ўлады, і будзе іх абараняць. Таму нам нічога не застаецца, як падымаць пытанне міліцыі на паверхню», – заявіў былы следчы.

Глядзіце таксама >>> Менчукі пра давер да міліцыі: Гэтым структурам ніхто ніколі не давяраў і давяраць не будзе

Таксама ён назваў магчымыя прычыны жорсткіх паводзінаў міліцыянтаў:

«Міліцыя працуе на падтрыманне страху ў грамадстве. Вы бачыце якая эканамічная сітуацыя – у іх няма іншага выйсця, як заганяць нас у нейкія адміністрацыйныя пратаколы, прыпісваць нам невядома якія дзеянні».

Ігар Волчак мяркуе, што ў міліцыі цяпер не кадравы голад, а нават «кадравае вычарпанне».

Суразмоўца «Белсату» даў свой прагноз, да чаго могуць прывесці парушэнні з боку міліцыянтаў:

«Мы доўга шукалі нацыянальную ідэю, як абʼяднаць усіх беларусаў. Цяпер ёсць нацыянальная ідэя, якая, хутчэй за ўсё, рана ці позна выльецца ў Майдан. Людзі там не будуць стаяць за Еўразвяз альбо за абʼяднанне з Расеяй, а будуць стаяць супраць беззаконня ў судах і ў пракуратуры. Пратэст назапашваецца. Міністр Шуневіч яшчэ не разумее, што можа адбыцца, і не разумее, колькі яшчэ зброі ў людзей ёсць. І рана ці позна пачнецца. І праваабаронцы ім кажуць: спыніцеся! Увайдзіце ў рэчышча закону, і пачынайце паводле яго працаваць».