Віталь Манько з Калінкавічаў – народны журналіст і блогер. Дзясяткі людзей штомесяц звяртаюцца да яго па дапамогу. Асвятліць праблему папрасілі і два гастарбайтары з Лельчыцаў: Руслан Грысько і Аляксандр Будзько.
Улетку, калі яны забіралі заробак у свайго расейскага працадаўцы, адносна іх склалі адміністратыўны пратакол, нібыта, за незаконную валютную аперацыю. Праз месяц суд Калінкавіцкага раёну прызнаў гастарбайтараў вінаватымі і пакараў іх велізарным штрафам ды канфіскацыяй грошай. Руслан і Аляксандр перакананыя, што маскоўскі працадаўца, каб не разлічвацца з імі за працу, уступіў у змову з працаўнікамі міліцыі і зрабіў іх правапарушальнікамі.