Паводле аналітыка, «ёсць палітычная цана няўдзелу Лукашэнкі ў падобных мерапрыемствах».
Не выключана, што шпіёнскі скандал паміж Украінай і Беларуссю быў адным з эпізодаў інфармацыйнага суправаджэння да рашэння Аляксандра Лукашэнкі адмовіцца ад удзелу ў саміце «Усходняга партнёрства» 24 лістапада ў Бруселі.
Такую думку ў праграме «Размова дня» выказаў аналітык і галоўны рэдактар часопісу «Arche» Валер Булгакаў.
Па яго словах, «ёсць палітычная цана няўдзелу Лукашэнкі ў падобных мерапрыемствах». Няўдзел у саміце «Усходняга партнёрства», лічыць аналітык, будзе «высока ацэнены расейскім бокам і створыць новую прастору для гульні ў гэтым напрамку».
«Як дасведчаны палітык Лукашэнка схіліўся да думкі, што няўдзел дасць не менш, а нават больш дывідэндаў, чым паездка ў еўрапейскую палітычную сталіцу», – кажа Валер Булгакаў.
Пры гэтым ён заўважае, што расейскія СМІ нават шпіёнскі скандал паміж Кіевам і Менскам падалі як чарговы разварот Лукашэнкі ад Еўропы да Расеі.