Intermarium Партызаны ў Беларусі: вайна ўсіх супраць усіх


Партызанская вайна ў Беларусі – гэта была вайна ўсіх супраць усіх. Нягледзячы на тамы напісаных кніг, знятых кінафільмаў, засвоеных школьных падручнікаў рэальная карціна партызанкі ў Беларусі застаецца малавядомай, а таму спрэчнай, і ўсё часцей сенсацыйнай.

Сапраўдным выпрабаваннем для простых жыхароў Беларусі стаў перыяд Другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі. Лік ахвяраў найбуйнейшага катаклізму ХХ ст. на нашай зямлі ідзе на мільёны.

Асаблівая жорсткасць і брутальнасць вайны тлумачылася перад усім тым, што гэтая тэрыторыя стала своеасаблівым полем супрацьстаяння двух антыгуманных таталітарных рэжымаў: бальшавіцка-камуністычнага на чале з Іосіфам Сталіным у СССР і нямецка-фашысцкага на чале з Адольфам Гітлерам у Нямеччыне.

Непазбежная вайна, якая разгарнулася паміж гэтымі рэжымамі, была на акупаваных тэрыторыях сапраўдным жахам. Беларускае насельніцтва фактычна апынулася паміж двума аднолькава пякучымі і смяротнымі агнямі.

Фізічнае выжыванне ў такіх умовах часта рабілася магчымым толькі дзякуючы шчасліваму выпадку, а не свядома абранай стратэгіі паводзінаў. Сітуацыя, калі днём адной і той жа сям’і даводзілася ратавацца ад бясчынства немцаў і паліцаяў, а ноччу даваць адпор ужо іхным ідэйным апанентам з ліку савецкіх партызанаў, не была рэдкай і выключнай. Яшчэ і цяпер пра гэтае можна пачуць ад старажылаў у любым кутку Беларусі.

На нашай зямлі партызанскі рух быў больш складаным і па ідэалагічных пазіцыях, і па нацыянальнай прыналежнасці.

Савецкіх партызанскі рух быў арганізаваны і кантраляваны НКВД/НКГБ. Сваёй магутнасці ён дасягнуў у студзені 1944 года, калі на беларускіх землях дзейнічала 723 атрады колькасцю каля 122 тыс. чалавек. Пасля вызвалення акупаваных тэрыторыяў Беларусі значная частка партызанаў пасля чысткі спецслужбамі былі далучаны да Чырвонай Арміі, дзе шмат хто з іх загінуў.

Побач з савецкай партызанкай другой па актыўнасці была польская. Армія Краёва, якая ставіла за мэту аднаўленне Польшчы ў даваенных межах, была наймацнейшай і найлепей арганізаванай падпольнай арміяй у Еўропе. Цягам вайны ў польскім партызанскім руху дзейнічалі 250-300 тыс. чалавек. З іх прыблізна 14 тыс. чалавек – на тэрыторыі Беларусі.

Украінскія, літоўскія, латышскія партызанскія атрады змагаліся за свае вузкія мэты і дзейнічалі на абмежаваных памежных тэрыторыях. Але найбольш таямнічай і малавядомай сёння з’яўляецца гісторыя беларускага нацыянальнага антыфашысцкага і антысавецкага супраціву.

Жорсткая праўда аб партызанскім руху на беларускіх землях у часе Другой сусветнай вайны стала тэмай дэбатаў гісторыкаў з Беларусі і Польшчы ў праграме «Intermarium».

Глядзі таксама
Каментары