Мaю прaвa Вада з трупным подыхам. Як могілкі сапсавалі адзіны ў вёсцы калодзеж


Здавён вада з калодзежу асацыявалася з крыштальнаю чысцінёю і непаўторным смакам. Ёй дагэтуль прыпісваюць лекавыя якасці. Аднак жыхары вёскі Варкавічы, што на Случчыне, цяпер ставяцца да сваёй вады з вялікаю перасцярогаю.

Кепская якасць вады – наступствы пашырэння мясцовых могілак. Улады абяцалі зачыніць іх яшчэ пры канцы мінулага стагоддзя. Аднак амаль праз 30 гадоў новыя пахаванні з’яўляюцца ледзь не ў гародах вяскоўцаў. Іншых водных крыніцаў, апроч калодзежаў, у вёсцы няма, а вада настолькі забруджаная шкоднымі рэчывамі, што ўжываць яе небяспечна. Таму жыхары пачалі набываць пітную ваду, а гэта з вясковым прыбыткам вельмі стратна.

Глядзіце сюжэт ад 06:40 хвіліны.

Іншыя тэмы праграмы «Маю права»:

Жанчыны змагаюцца за цывілізаваныя ўмовы ў радзільнях

Шакавальныя аповеды парадзіх пра ўмовы ў беларускіх радзільнях узрушылі медыйную прастору.

Жанчыны распавядаюць пра адсутнасць элементарных санітарных умоваў і побытавых выгод. Напрыклад, у Магілёве перапоўненыя не толькі пасляродавыя палаты, але і палаты ў аддзяленнях паталогіі цяжарных. Да таго ж у Беларусі цягам родаў дактары дагэтуль выкарыстоўваюць метад Крыстэлера. Ён настолькі небяспечны для жанчын і дзяцей, што забаронены шмат у якіх краінах свету. Жанчыны намагаюцца адстаяць сваё права нараджаць у цывілізаваных умовах і з паважлівым стаўленнем да сябе.

Апытанне: ці задаволеныя беларусы якасцю медычных паслугаў?

Паводле Сусветнае арганізацыі здароўя, нашая краіна разам з Канадаю і Брунеем лідаруе ў даступнасці для насельніцтва медычных паслуг. На вуліцах сталіцы мы пацікавіліся ў беларусаў, як яны ацэньваюць якасць гэтых паслуг.

Стрыт-арт рэагуе на сацыяльна-палітычныя падзеі ў краіне

Апошнім часам на сталічных вуліцах з’яўляюцца вострасацыяльныя графіці – сумнавядомыя прадстаўнікі ўладаў, налепкі з «зялёнымі чалавечкамі». А да выявы «Менск – Масква» таямнічыя мастакі ўвесь час дадаюць нешта новае.

На пачатку красавіка на старонцы «Signal Project» з’явіўся заклік з просьбаю дапамагчы аўтарам гэтага праекту. Літаральна праз дзень пасля абвесткі невядомыя напалі на Алега Ларычава, каардынатара стрыт-арт праекту «Signal» і арганізатара фэсту вулічных мастакоў «Urban Myths». Пры канцы красавіка Алега затрымалі каля адной з менскіх кавярняў. Яго абвінавацілі ў лаянцы ды непадпарадкаванні патрабаванням службоўцаў і пакаралі пяццю соднямі адміністратыўнага арышту. Алег Ларычаў не выключае, што гэткія захады – помста за ягоную дзейнасць.

Жыхары вёскі Асавок працягваюць супрацьстаяць шкоднай вытворчасці

Мы распавядалі пра тое, як жыхары вёскі Асавок чатыры гады супрацьстаяць адкрыццю цэху ўтылізацыі ртутных лямпаў.

Пухавіцкія чыноўнікі падтрымліваюць дырэктара кампаніі «Дзямід Сэрвіс» Міхаіла Дубовіка, бо ягоны цэх можа дапамагчы раёну рэалізаваць планы Нацыянальнае стратэгіі абясшкодзіць адкіды першага класу небяспекі. Цяпер у старым гаражы для калгаснае тэхнікі захоўваюць сотні тысяч небяспечных лямпаў, падрыхтаваных для перапрацоўвання. Вяскоўцы кажуць, што выпрабавальны запуск устаноўкі ўтылізацыі ўжо адбыўся. Але працягваюць змаганне і хочуць мець права ўплываць на тое, што будзе на зямлі, дзе яны жывуць.

 

Каментары