У Кыргызстане прайшоў рэферэндум па змене Канстытуцыі


Выбары прэзідэнта ў непрызнанай рэспубліцы Прыднястроўе ды рэферэндум па змене канстытуцыі ў Кыргызстане. Усё прайшло без сюрпрызаў. Бадай, адзінаю неспадзяванкай стала надзвычай нізкая яўка.

Сёмы ў гісторыі незалежнага Кыргызстану рэферэндум па змене канстытуцыі. Гэтым разам запрапанаваныя змены атрымалі амаль восемдзесят адсоткаў падтрымкі электарату. Людзі прагаласавалі за пашырэнні паўнамоцтваў выканаўчай улады.

«Змены прывядуць хоць да малога, але адкату назад ад парламентарызму, усё ж такі абмяжоўваецца ў чымсьці паўнамоцтвы парламенту – гэта будзе крок назад ад парламентарызма», – кажа Канат Ісаеў, лідар фракцыі «Кыргызстан».

Пашыраюцца поўнамоцтвы прэзідэнта і прэмʼер-міністра краіны, якія цяпер змогуць самастойна прызначаць кіраўнікоў мясцовых адміністрацыяў і адным загадам мяняць месца працы суддзяў. Акрамя гэтага, згодна з вынікамі рэферэндуму, з канстытуцыі краіны выкрасляць 41-ы артыкул – пра абавязак Бішкеку падпарадкоўвацца рашэнням міжнародных судоў па правах чалавека. Нагадаем, што сёлета ў красавіку расейскі канстытуцыйны суд дазволіў Крамлю не выконваць рашэнні Еўрапейскага суду па правам чалавека – паводле адмыслоўца, гэта відавочны крызіс праваабарончай сферы ўвогуле.

«Што тут казаць пра праваабарончыя арганізацыі, калі нават ААН сёння – гэта ня тая арганізацыя, якую можна назваць найбольш уплывовай, найбольш моцнай, якая аказвае найбольшае ўздзеянне на краіны, таму гэта сурʼёзная праблема», – кажа палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Ёсць праблема не такая глабальная, але вельмі сурʼёзная – нізкая яўка. Паводле мясцовых аглядальнікаў, прычына – у спешцы, з якой Кыргызстан змяняе Канстытуцыю.

«Усё гэта хутка праводзіцца і ў спешцы, і натуральна гэта выклікае падазрэнне ў апазіцыі, паколькі прэзідэнт Атамбаеў хоча пасля сыходу з пасады прэзідэнта ўзмацніць выканаўчую галіну ўлады – то бок пост прэмʼер-міністра і прэзідэнта», – мяркуе палітычны аглядальнік Марс Сарыеў.

Толькі ў гэтым стагоддзі ў краіне прайшлі чатыры рэферэндумы з яўкай ня менш за 70%. Учора на выбарчыя ўчасткі прыйшло трохі больш за сорак адсоткаў выбарнікаў. Магчыма, справа ў тым, што папярэднім разам людзі галасавалі за мараторый на змены ў канстытуцыі да 2020 году і абмяжоўвалі паўнамоцтвы вышэйшых чыноўнікаў у краіне. Цяпер – прама за адваротнае.

Большая яўка была ўчора на выбарчых участках у Прыднястроўі, дзе амаль шэсцьдзесят адсоткаў выбарнікаў абралі прэзідэнта гэтай непрызнаванай краіны.

«Прыднястроўцы абяруць кіраўніка краіны на наступныя пяць год. Ад іх выбару будзе залежыць лёс нашае краіны. Тым болей, што цяпер вельмі складаная вонкавапалітычная сітуацыя, цяжкая была і прэзідэнцкая кампанія, і відавочна, што ад выбару будзе залежаць і лёс прыднястроўскай дзяржавы», – сказаў экс-прэзідэнт Яўген Шаўчук.

Палітычная сітуацыя вакол непрызнанай рэспублікі ніколі простай не была. Праўда, розніца ў праграмах пераможцы Вадзіма Краснасельскага і ўжо былога прэзідэнта была толькі ў тым – наколькі блізка варта інтэгравацца з Расеяй. На мінулым тыдні ўрад Прыднястроўя нават запрапанаваў прыраўняць расейскі трыкалор да дзяржаўнага сцягу рэспублікі. Каб, маўляў, прыспешыць ужо дзесяцігадовы працэс абʼяднання.