Агляд падзеяў культуры У Беларусі з’явілася дзяржаўная ўзнагарода для мастакоў


Услед за тэатральнай і літаратурнай нацыянальнымі прэміямі ў Беларусі з’явілася і дзяржаўная ўзнагарода для мастакоў. Узяць удзел у конкурсе мог кожны беларускі творца. З трохсот заявак журы – а гэта прадстаўнікі Акадэміі мастацтваў, Міністэрства культуры, Нацыянальнага музею ды іншых інстытуцыяў – адабрала 60 працаў. Гэты шорт-ліст і прэзентавалі на выставе, што адкрылася на дзвюх пляцоўках Цэнтру сучасных мастацтваў ў Менску.

Распавядае Дзяніс Барсукоў, намеснік старшыні Цэнтру сучасных мастацтваў:

«Прэмія ахоплівае ўсю галіну выяўленчага мастацтва і адлюстроўвае той стан мастацтва, які існуе ў нашай краіне. Нашае мастацтва грунтуецца на акадэмічным падмурку, традыцыях, але пры гэтым не закрытае і для нейкіх сучасных тэндэнцыяў».

На Незалежнасці, 47 можна паглядзець традыцыйныя формы – жывапіс, графіку і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Тут, напрыклад, манументальнае палатно Уладзіміра Тоўсціка. Або карціна Аляксандра Некрашэвіча з праекту «Хаос і космас», і ён кажа:

«Гэты праект, як і шмат якія мае праекты, прысвечаны гісторыі. У гэтым выпадку гісторыі мастацтва. З аскепкаў еўрапейскай мастацкай спадчыны я складаю сваю мазаіку, свой калейдаскоп».

Другая частка выставы – сучасныя формы – размясцілася ў Менску на Някрасава, 3. Фатаграфія, прадметы дызайну, скульптура, а таксама інсталяцыі, якія ўвайшлі ў раздзел «Навацыя».

Некаторыя працы прысвечаныя чарнобыльскай тэме. Гэтак, інсталяцыя Сяргея Белавокага называецца «Ёд-131». Прайшоўшы праз яе, глядач нібы трапляе пад радыеактыўны дождж.

Мастак Міхаіл Гулін, вядомы сваімі вострымі ды іранічнымі акцыямі, таксама падаваўся на прэмію з відэаперформансам пра спорт і мастацтва, але ў шорт-ліст не трапіў: «Нацыянальная прэмія падалася мне вартай падзеяй, каб пагуляць на чужым полі, бо я лічу Цэнтр сучасных мастацтваў такой інстытуцыяй, не зусім сваёй».

Пераможцаў у дзесяці намінацыях назавуць 17 траўня ў Палацы мастацтваў. Памер прэміі – 100 базавых велічыняў, гэта прыкладна 1200 долараў.

Глядзіце таксама:

Іншыя тэмы:

Неба і лёс Рушчыца.

«Вузел жыцця» – вяртанне габрэйскай культуры праз памяць.

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, belsat.eu

Каментары