Ці пра такую незалежнасць марылі беларусы 25 гадоў таму?


Гэтак склалася ў нашай гісторыі, што далёка не кожнае пакаленне беларусаў магло пахваліцца мірным спакойным жыццём ува ўласнай дзяржаве. Таму і пагатоў сённяшняя дата для нас каштоўная. Менавіта з 7-га на 8-га снежня 1991 года ў Віскулях тагачасныя кіраўнікі Беларусі, Расеі ды Украіны замацавалі скон Савецкага Саюзу.

Штопраўда, незалежнасць нашай Бацькаўшчыны за чвэрць стагоддзя кардынальна змяніла сваё аблічча. Нацыянальная сімволіка зноўку загнаная ў падполле, саступіўшы стылізаванай савецкай. Беларуская мова развіталася не толькі са статусам адзінай дзяржаўнай, але саступіла расейскай ува ўсіх сферах літаральна цалкам. Эканоміка падпарадкаваная расейскай, скутая бясконцымі пазыкамі ды пасаджаная на расейскую нафта-газавую іголку. Усходнія ж суседзі нарошчваюць і вайсковую прысутнасць у нашай краіне – у прыватнасці, праз магчымае стварэнне ў Беларусі сваёй авіяцыйнай базы. Дык ці пра гэткую незалежнасць марылі мы 25 гадоў таму?

Былы народны дэпутат СССР Віктар Карняенка падкрэсліў, што поўнай незалежнасці беларусы гэтак і не атрымалі.

«Мы апынуліся пад вельмі моцным уплывам нашага ўсходняга суседа. Я маю на ўвазе саюзныя дамовы, ЕўрАзЭС, эканамічная прывязка вельмі моцная, палітычная… І ўсё гэта ад неразумнага кіраўніцтва нашай краіны. Я не супраць таго, каб мы развівалі адносіны з Расеяй, але будаваць іх трэба было на падставе незалежнасці дзвюх краін. Сёння вярнуцца ў той стан вельмі і вельмі складана. Лукашэнка вельмі шмат зрабіў істотных і сурʼёзных памылак, якія сёння, можа, ён хацеў бы і сам выправіць, але гэта ўжо немагчыма. Усё ж мы застаемся субʼектам геапалітычным і палітычным, маем незалежнасць паводле Канстытуцыі і закону. Праблема ў тым, каб гэтага ўсяго не згубіць праз нейкае неразумнае дзеянне сённяшніх уладаў Беларусі», – адзначыў спадар Карняенка.

На ягоную думку, для большасці беларусаў незалежнасць не зʼяўляецца вялікай каштоўнасцю. «Гэта маё такое вонкавае назіранне, што смаку незалежнасці большасць не мае і не можа выкарыстоўваць тыя чыннікі, якія дае незалежнасць», – заўважыў госць «Белсату».

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu. Фота president.gov.by