Заклік сядзець удома і варыць боршч нарэшце стаў актуальны


Эпідэмія каронавіруса – акурат той момант, калі легендарная парада Лідзіі Ярмошынай прыйшлася б дарэчы. Як зварыць боршч, калі класічны рэцэпт надакучыў, распавядаем у новым выданні шоу «Я не буду гэтага есці!».

У праекце «Я не буду гэтага есці!» вядомыя людзі дзеляцца з намі сваймі кулінарнымі траўмамі: распавядаюць, да якой стравы не могуць дакрануцца і чаму. Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ. Напрыканцы праграмы госць абірае пераможцу кулінарнай бітвы. І гэтым разам мы накіраваліся ў Кіеў скараць страўнікі ўкраінскіх зорак.

Так у нашай студыі апынуўся наш зямляк Дзмітрый Танковіч, які здабыў папулярнасць у складзе каманды Клубу вясёлых і знаходлівых «ЧП», а пасля – пераехаў ва Украіну весці забаўляльныя праграмы на тэлеканале СТБ. Ён завітаў да нас са сваёю жонкай Вольгай.

Як вы ўжо зразумелі, адна з самых не любімых страваў нашага госця – боршч. Падчас здымкаў «Я не буду гэтага есці!» нават нарадзіўся жарт: ці не рызыкуе Дзмітрый грамадзянствам, прызнаючыся ў нелюбові да культавай стравы ўкраінскай кухні. Так з’явіліся дзве версіі баршчу: без бурака, у выкананні Аляксандра Чыкілеўскага, ды на італьянскі манер, аўтарства Вольгі Прыгаравай.

«Боршчастронэ», або мінэстронэ з буракамі

  • буракі – 700 г
  • чабор
  • морква – 100г
  • бульба – 100 г
  • цыбуля – 100 г
  • часнык – 50 г
  • цукінія – 100 г
  • спаржа – 100 г
  • цяляціна (выразка) – 300 г
  • памідор без скуркі – 80 г
  • перац балгарскі – 140 г
  • масла сметанковае – 50 г
  • алей – 50 мл
  • лаўровы ліст
  • перац духмяны
  • смятана для падачы

Бурак з чаборам запячы ў духоўцы. Абсмажыць парэзаную гародніну паводле ступені цвёрдасці: спачатку – моркаўку, затым – часнык, салеру, спаржу, перац, цукінію. Дадаць мяса, абсмажыць. Дадаць бульбу і печаны бурак. Заліць вадою і варыць да гатовасці. Падаваць са смятанай.

Няправільны боршч

  • капуста белакачанная – 400 г
  • цыбуля – 250 г
  • морква -100
  • памідоры – 1 кг
  • таматная паста – 400 г
  • булён курыны – 1 л
  • булён ялавічны – 1 л
  • вараная курыца – 400 г
  • перац чырвоны салодкі – 200 г
  • вараныя сухія грыбы – 100 г
  • свіная грудзінка – 200
  • алей – 50 мл
  • соль
  • цукар
  • лаўровы ліст
  • духмяны перац
  • корань пастарнаку – 150 г
  • чорны перац
  • часнык свежы – 25 г
  • журавіна – 100 г

Памідоры бланшаваць, зняць скурку, ачысціць ад насення, нарэзаць кубікам. Грудзінку нарэзаць кубікам і абсмажыць у рондалі. Цыбулю нарэзаць саломкай, моркву і пастарнак – нацерці, усе разам абсмажыць з грудзінкай. Дадаць нашаткаваную капусту, салодкі перац і тушыць 15 хвілін. Затым дадаць памідоры, тушыць 5 хвілін. Пасля – таматавую пасту, якую можна папярэдне абсмажыць без алею. Тушыць яшчэ 15–20 хвілін. Дадаць булён. Варыць 20 хвілін на павольным агні. Дадаць дробна парэзаныя грыбы. Падкісліць працёртымі журавінамі. Адразу пасля заканчэння варкі дадаць здробнены часнык і сечаную зелень. Падаваць са смятанай.

Чый варыянт перамог у кулінарнай бітве? Глядзіце у новым выданні кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці!» (відэа ў пачатку артыкула).

Шоу «Я не буду гэтага есці!» глядзіце штонядзелю а 19:35 паводле менскага часу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў архіве на нашай старонцы.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на Facebook, у «Одноклассниках» і ў Instagram.

ІА, belsat.eu